Трамп шакаваў Крэмль сваёй пастановай адправіць атамныя падлодкі
13- 4.08.2025, 14:34
- 12,644
Мядзведзеў прыкусіў язык.
Былы прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў, прызначаны намеснікам старшыні Рады бяспекі пасля звальнення з урада ў 2020 годзе, нечакана змоўк у сацыяльных сетках пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў аб перакідцы да Расеі ядзерных падлодак у адказ на пагрозы Мядзведзева задзейнічаць «мёртвую руку» — сістэму зваротнага ядзернага ўдару, створаную ў часы СССР, піша The Moscow Times.
Спачатку Мядзведзеў, які не саромеўся ў выразах і стаў галоўным рупарам агрэсіўнай рыторыкі Крамля, не апублікаваў ніводнага допіса ў сваім тэлеграм-канале з 31 ліпеня. Тады ён прыстрашыў Трампа ядзернай вайной і «хадзячымі мерцвякамі» ў адказ на заявы пра «мёртвую эканоміку» Індыі і Расеі. Замаўчалі таксама каналы Мядзведзева ў X (раней — Twitter) як на расейскай, так і на англійскай мовах.
У адказ на допісы Мядзведзева Трамп спачатку прапанаваў таму «сачыць за словамі», а затым абвясціў аб размяшчэнні двух падлодак флоту ЗША ў «адпаведныя раёны», каб «абараніць» амерыканскі народ.
Пазней Трамп удакладніў, што адправіў субмарыны бліжэй да Расеі, і заявіў, што ЗША «цалкам гатовыя» да ядзернай вайны. «Прагучала пагроза, і мы палічылі яе недарэчнай», — сказаў Трамп.
Магчыма, Мядзведзеў знаходзіцца «ў шоку», мяркуе палітолаг Абас Галямаў: «Ён ужо даўно адвык, што словы могуць мець наступствы. Жыццё ў рэжыме «Мялі, васпане, пакуль язык не прыстане» адвучылі яго ад гэтага».
Хоць Трамп не ўдакладніў, пра якія падлодкі ідзе гаворка, хутчэй за ўсё, ён меў на ўвазе стратэгічныя субмарыны класа Ohio, мяркуе вайсковы экспэрт Юрый Фёдараў. "На кожным (такім) ракетаносцы маецца 24 пускавыя ўстаноўкі ракет Trident. А на кожнай ракеце Trident маецца 8 боегаловак. Прыкладна 100-кілатоннай магутнасці», - распавядае Фёдараў.
Такім чынам, усяго дзве названыя Трампам падлодкі нясуць больш за 350 боегаловак. Яны здольныя цалкам знішчыць еўрапейскую тэрыторыю Расеі, а таксама гару Ямантаў, дзе знаходзіцца штаб «мёртвай рукі», якой пагражаў Мядзведзеў Трампу, адзначае Фёдараў.
Уільям Альберк, старшы навуковы супрацоўнік Ціхаакіянскага форуму (Pacific Forum, Гаваі) і экс-дырэктар Цэнтра NATO ў кантролі над узбраеннямі, раззбраенні і нераспаўсюджванні зброі масавага знішчэння ўважае заявы Трампа за сігнал Пуціну аб тым, што ён не шануе «спробы Дзмітрыя Мядзведзева нагадаць людзям пра сваё існаванне».
«Думаю, у выніку Пуцін зразумее пасланне Трампа, што неабгрунтаваныя заявы Мядзведзева цяпер значна менш каштоўныя ў якасці стратэгіі стрымлівання Захаду, чым падчас прэзідэнцтва Байдэна», — сказаў Альберк РБК. Ён таксама прадбачыў, што Пуцін рана ці позна разбярэцца з сітуацыяй.