9 снежня 2025, aўторак, 22:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Удары ўкраінскіх дронаў вывелі з працы два найбуйнейшыя НПЗ «Раснафты»

7
Удары ўкраінскіх дронаў вывелі з працы два найбуйнейшыя НПЗ «Раснафты»

Пад удар трапілі Разанскі і Навакуйбышаўскі НПЗ.

Найбуйнейшы НПЗ «Раснафты» «Разанская нафтаперапрацоўчая кампанія» прыпыніла перапрацоўку нафты прыкладна на палову магутнасці, а Навакуйбышаўскі НПЗ цалкам спыніў працу з 2 жніўня пасля першай з сакавіка 2025 года атакі ўкраінскіх дронаў, паведаміла Reuters са спасылкай на крыніцы ў галіне.

Разанскі НПЗ магутнасцю 13,7 млн тонаў нафты за год – найбуйнейшы ў «Раснафце», уваходзіць у топ-5 найбуйнейшых у Расеі і забяспечвае палівам у тым ліку маскоўскі рэгіён. Магутнасць Навакуйбышаўскага НПЗ, найбольш абсталяванага ў самарскай групе «Раснафты», складае 8,3 мільёна тонаў нафты за год.

Паводле інфармацыі Reuters, на Разанскім НПЗ пасля нападу БПЛА былі спыненыя ўстаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты АВТ-3 магутнасцю 8600 тонаў за дзень і АВТ-4 магутнасцю 11400 тонаў за дзень. Завод прадаўжае перапрацоўку сыравіны на ўстаноўцы АТ-6 прадукцыйнасцю 23200 тонаў за дзень (48% магутнасці НПЗ).

На Навакуйбышаўскім НПЗ была пашкоджаная атмасферная (асноўная) калона ўстаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты АВТ-11.

Крыніцы не змаглі назваць магчымыя тэрміны рамонту НПЗ і вяртання прадпрыемства да намінальнага аб'ёму перапрацоўкі, выказаўшы здагадку, што ў выпадку разанскага завода гэта пытанне «аднаго або некалькіх тыдняў».

«Раснафта» аператыўна не падала каментар на запыт Reuters.

У 2024 годзе Разанская НПК перапрацавала 13,1 мільёна тонаў нафты, што склала 4,9% ад агульнай нафтаперапрацоўкі ў Расеі, зрабіла 2,3 мільёна тонаў аўтабензіну, 3,4 мільёна тонаў дызпаліва, 4,2 мільёна тонаў мазуту і 1 мільён тонаў авіягазу.

Навакуйбышаўскі НПЗ перапрацаваў у 2024 годзе 5,74 мільёна тонаў нафтавай сыравіны, вырабіў аўтабензіну 1,1 мільёна тонаў, дызпаліва – 1,64 мільёна тонаў, мазуту – 1,27 мільёна тон.

Летась праз напады дронаў і праблемы з рамонтам аб'ёмы нафтаперапрацоўкі ў Расеі ўпалі да 12-гадовага мінімуму – 267 млн тонаў. Экспарт нафтапрадуктаў скараціўся на 9%, да 113,7 млн тонаў. Адказам ураду стала засакрэчванне статыстыкі. У траўні Мінэнэрга перастала перадаваць у Расстат аператыўныя звесткі пра выпуск бензіну, а ў жніўні «грыф сакрэтна» быў накладзены на статыстыку выпуску дызельнага паліва.

Бензін у Расеі прадаўжае імкліва даражэць на расейскім аптовым рынку, нягледзячы на пастанову ўраду поўнасцю забараніць экспарт бензіну як мінімум да канца жніўня.

Паводле словаў крыніцаў Reuters на паліўным рынку, у жніўні і верасні Расеі пагражае паўтарэнне паўнавартаснага бензінавага крызісу – аналагічнага таму, што здарыўся два гады таму, у 2021 годзе, а таксама ў 2018-м.

Сярод прычынаў нястачы бензіну – нястача запасаў у прыватных АЗС, калапс у аэрапортах, праз які людзі сталі больш карыстацца аўтатранспартам, а таксама частыя рамонты НПЗ.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках