WP: Еўропа расчараваная Трампам праз саміт з Пуціным
10- 7.08.2025, 21:11
- 11,018
Нягледзячы на ўвесь шум, прэзідэнт ЗША не чыніў ні кроплі ціску на дыктатара РФ.
Еўрапейскія хаўруснікі Украіны расчараваныя пастановай Дональда Трампа правесці саміт з Уладзірам Пуціным, чаго першапачаткова дабіваўся расейскі прэзідэнт. Пра гэта The Washington Post расказаў высокапастаўлены еўрапейскі чыноўнік.
«Нягледзячы на ўвесь шум, Трамп не чыніў ні кроплі ціску на Пуціна», – сказаў ён.
Паводле звестак Bloomberg, падчас тэлефонных перамоваў, якія Трамп правёў з еўрапейскімі лідарамі неўзабаве пасля таго, як візіт у Крэмль закончыў ягоны спецпасланнік Стывен Уіткаф, амерыканскі прэзідэнт паведаміў, што Пуцін гатовы да нейкага «абмену тэрыторыямі». Паводле словаў крыніцаў Bloomberg сярод еўрапейскіх чыноўнікаў, Трамп станоўча настроены ў дачыненні да перспектывы перамір'я ў вайне, якая доўжыцца чацвёрты год, хоць як будзе выглядаць яго фармат, пакуль застаецца незразумелым.
Расея прапанавала ўсталяваць «паветранае перамір'е» – гэта значыць узаемную адмову ад ракетных удараў і налётаў БПЛА. Але гэта пазбавіць Украіну галоўнага козыру на полі бою – дронаў, якія атакуюць расейскія НПЗ, стратэгічныя базы, склады ўзбраенняў і іншыя цэлі, адзначае WaPo.
Узброеныя сілы Украіны таксама адчуваюць хранічную нястачу асабовага складу і спадзяюцца менавіта на дроны, каб запаволіць расейскі наступ, тэмпы якога гэтым летам ўстанавілі рэкорд з мінулай восені – больш за 500 кв км у чэрвені і ліпені.
Нягледзячы на гэта, высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік сказаў WaPo, што імкнецца захоўваць аптымізм напярэдадні саміту Пуцін – Трамп, асабліва ў сувязі з прапановай Крамля частковага спынення агню.
Калі частковае перамір'е стане першым крокам, гэта будзе добра, але калі іншых крокаў не адбудзецца, то гэта «будзе небяспечна» для Украіны, растлумачыў ён,
Паводле словаў крыніцы WaPo, у Кіеве атрымліваюць сігналы праз шматлікія каналы, што Расея шукае спосабы ўрэгуляваць канфлікт. Зрэшты, прапановы Пуціна могуць быць толькі тактычным прыёмам, каб супакоіць Трампа і даць яму магчымасць пахваліцца лакальнай перамогай перад выбарнікамі напярэдадні прамежкавых выбараў у кангрэс, мяркуе ўкраінскі чыноўнік.
Майкл Макфол, які займаў пасаду амбасадара ЗША ў Маскве ў 2012–2014 гг, называе згоду Трампа на сустрэчу з Пуціным «падарункам дыктатару».
«Апошні саміт Трампа і Пуціна ў Хельсінкі ў 2018 годзе не прынёс нічога для амерыканскіх нацыянальных інтарэсаў. Спадзяюся, Трамп і ягоная каманда ўважліва вывучаюць тую падзею і будуюць планы, каб не паўтараць гэтых памылак», – сказаў Макфол.