Расійскі беспілотнік, які ўпаў недалёка ад Любліна, паказалі буйным планам
11- 11.09.2025, 14:06
- 14,152
Некаторыя яго часткі замацаваныя клейкай стужкай.
Адзін з расійскіх дронаў, якія ўварваліся ў паветраную прастору Польшчы ў ноч на 10 верасня, быў выяўлены ў двары прыватнага дома — на клетцы для трусоў.
Пра гэта паведамляе TVP World, адзначаючы, што гаспадар дома, які знаходзіцца ў вёсцы Быхаўка Трэця (24 км на поўдзень ад Любліна), вярнуўшыся дадому з працы і выявіўшы знаходку, быў шакаваны.
Паводле яго слоў, прылада выглядала непашкоджанай, але са слядамі кустарнага рамонту. Некаторыя часткі БПЛА былі замацаваныя клейкай стужкай. Мужчына таксама паведаміў, што БПЛА перад тым, як прызямліцца на дах клеткі, мог зачапіць лінію электраперадачы.
Пасля апавяшчэння ўладаў месца выяўлення дрона ўзялі пад ахову. У Люблінскай акруговай пракуратуры пацвердзілі, што беспілотнік цэлы і не разбіты на часткі.
Гэта знаходка стала адным з прынамсі 19 пацверджаных выпадкаў крушэння беспілотнікаў на тэрыторыі Польшчы пасля таго, як яны ўварваліся ў паветраную прастору краіны ў ноч на 10 верасня, піша TVP World.
Паводле слоў польскіх чыноўнікаў, ніводзін з выяўленых на дадзены момант беспілотнікаў не ўтрымліваў выбухоўкі.