Мадура ўвёў у дзеянне план актыўнай абароны Венесуэлы
6- 11.09.2025, 19:26
- 5,918
Пагрозу з боку ЗША венесуэльскі дыктатар назваў самай сур'ёзнай за 100 гадоў.
Дыктатар Венесуэлы Нікалас Мадура абвясціў пра запуск новага плана абароны краіны пад назвай «Незалежнасць 200: актыўны супраціў і нястомнае наступленне», перадае дзяржаўнае венесуэльскае тэлебачанне Venezolana de Televisiоn.
Па словах Мадура, да рэалізацыі праграмы прыцягнутыя Нацыянальныя баліварыянскія ўзброеныя сілы (FANB) і народнае апалчэнне. Паводле яго слоў, гэтыя меры неабходныя для абароны права Венесуэлы на мір, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт народу.
«Мы павінны агарадзіць наша ўзбярэжжа ад імперыялістаў, захопнікаў і агрэсіўных груповак на ўсім яго працягу», — сказаў Мадура.
Заява прэзідэнта прагучала на фоне абвастрэння адносін з ЗША. Раней, 2 верасня, амерыканскі лідар Дональд Трамп паведаміў аб знішчэнні адзінаццаці членаў венесуэльскага наркакартэля падчас аперацыі ВМС ЗША ў міжнародных водах. Трамп абвінаваціў Каракас у недастатковай барацьбе з наркагандлем, а банду назваў падкантрольнай Мадура.
У адказ на гэта венесуэльскі дыктатар назваў тое, што адбываецца, самай сур'ёзнай пагрозай амерыканскага ўварвання за апошнія сто гадоў. Паводле яго слоў, трэцяя сусветная ўжо пачалася, і ў ЗША ёсць на яе план.
Ён падкрэсліў, што ЗША хочуць змяніць рэжым у Венесуэле ваенным шляхам. У сакавіку 2020 года Мінюст ЗША прызнаў Мадура і некаторых іншых на той момант дзеючых або былых членаў венесуэльскага ўрада вінаватымі ў наркатэрарызме і выкарыстанні забароненых рэчываў "у якасці зброі" супраць ЗША. За інфармацыю, якая можа прывесці да арышту венесуэльскага дыктатара, Вашынгтон прапануе ўзнагароду ў $50 млн.