У Беларусі мадэрнізавалі шэсць ваенных аэрадромаў
2- 11.09.2025, 21:31
- 7,346
У пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну армія РФ размяшчала на іх сваю авіяцыю.
У Беларусі мадэрнізавалі шэсць ваенных аэрадромаў, дзе на пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну армія РФ размяшчала сваю авіяцыю.
Аб гэтым інфармуюць «Схемы».

Адзін з такіх прыкладаў — аэрадром «Лунінец», размешчаны больш як за 50 км ад мяжы з Украінай. Да поўнамаштабнага ўварвання ён доўгі час заставаўся закінутым, а ў 2022-м стаў месцам базіравання больш чым двух дзясяткаў расійскіх знішчальнікаў, бамбардзіроўшчыкаў і верталётаў, якія атакавалі Украіну ў першыя дні «вялікай» вайны. Амаль адразу пасля вяртання авіяцыі ў Расію на аэрадроме на працягу 2022–2024 гадоў аднавілі казармы, мадэрнізавалі старыя ангары і ўзвялі новыя, пабудавалі склады гаручага і фартыфікацыйныя збудаванні, устанавілі шматлікія сістэмы СПА і ракетныя комплексы. У 2023 годзе аэрадром стаў пастаянным месцам дыслакацыі новага беларускага падраздзялення супрацьпаветранай абароны — 56-га зенітна-ракетнага палка.

На аэрадромах «Ліда» (Гродзенская вобласць), «Баранавічы» (Брэсцкая вобласць), «Зябраўка» (Гомельская вобласць) і «Мачулішчы» (Мінская вобласць) пабудавалі ангары для знішчальнікаў, адрамантавалі ўзлётна-пасадачныя палосы, мадэрнізавалі радыёлакацыйныя сістэмы, а таксама разгарнулі дадатковыя фартыфікацыі, асабліва ў зонах захоўвання гаруча-змазачных матэрыялаў. На аэрадроме «Мазыр» (Вялікі Бокаў) пасля вываду расійскіх вайскоўцаў у 2022 годзе пабудавалі некалькі земляных насыпоў і ўстанавілі сістэмы супрацьпаветранай абароны.