Як «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг сталі дзяржаўнымі сімваламі Беларусі
3- 19.09.2025, 9:52
- 5,052
Гісторыя нацыянальных сімвалаў.
19 верасня 1991 года на пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета была прынята новая назва краіны — Рэспубліка Беларусь, а таксама былі зацверджаныя дзяржаўныя сімвалы — герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг.

Аднак ужо праз 4 гады, на рэферэндуме 1995 года, ініцыяваным Аляксандрам Лукашэнкам, гістарычныя сімвалы вольнай Беларусі былі пазбаўленыя статусу дзяржаўных і трапілі пад забарону, пад якой знаходзяцца і цяпер.

Аднак герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг застаюцца адзінымі сапраўднымі нацыянальнымі сімваламі Беларусі. Наш бела-чырвона-белы сцяг з’явіўся не пазней пачатку XVI стагоддзя, дзе верхняя паласа — колер «Пагоні», сярэдняя — спрадвечны колер самога сцяга, а ніжняя — колер рыцарскага шчыта на «Пагоні» (заўважым, што акрамя белага існавалі іншыя варыянты колеру шчыта: чырвоны, сіні). Найстаражытнейшае вядомае выяўленне беларускага сцяга захавалася на карціне, прысвечанай пераможнай бітве нашых продкаў з маскавітамі пад Оршай (1514 год).
Дзяржаўным жа гербам Вялікага Княства з другой паловы XIII стагоддзя стала выява ўзброенага рыцара на кані — «Пагоня». Лічыцца, што спачатку яна была гербам Полацка, а таксама Навагрудка. З пачатку XV стагоддзя на шчыце «Пагоні» ўжо сустракаецца шасціканцовы крыж з больш кароткай верхняй перакладзінай. Такія крыжы былі тыповымі хрысціянскімі сімваламі ў Беларусі ў XI–XIV стагоддзях. Першыя ж звесткі пра сцягі з выявай «Пагоні» сустракаюцца з часоў Грунвальдскай бітвы (1410 год).