У Гродне даўжнікам па камуналцы клеяць на дзверы стыкеры з QR-кодам
2- 19.09.2025, 10:07
- 8,684
Не паверыце, куды яны вядуць.
У Гродне прайшоў рэйд па даўжніках за жыллёва-камунальныя паслугі. Тым, хто не адчыніў дзверы, налепілі стыкеры з QR-кодам, які вядзе не на сайт МінЖКГ або камунальных службаў, як можна было б чакаць, а на мясцовы праўладны тэлеканал «Гродна Плюс».
Як расказалі на гэтым самым канале, каб нагадаць пра наступствы неплаты за камуналку, гродзенскім даўжнікам на дзвярах і электрычным шчытку пакідаюць паведамленне — стыкер з QR-кодам, які пры сканаванні накіроўвае іх на навінавыя матэрыялы «Гродна Плюс».
«Там ва ўсіх фарбах нашы журналісты расказваюць і паказваюць наступствы безадказнага стаўлення да сваіх абавязкаў», — гаворыцца ў сюжэце.
Спецыялісты нагадалі, што запазычанасць за жыллёва-камунальныя паслугі можа абярнуцца сур'ёзнымі наступствамі. Пасля папярэджання ў даўжніка ёсць усяго пяць дзён, каб заплаціць. Калі гэтага не адбываецца, камунальнікі маюць права абмежаваць або цалкам прыпыніць прадастаўленне паслуг. На 1 верасня 2025 года ў Гродне ўжо больш за 300 адрасоў засталіся без электрычнасці і каналізацыі.

Аплаціць рахункі за жыллёва-камунальныя паслугі неабходна да 25-га чысла кожнага месяца. Калі запазычанасць назапашваецца два і больш месяцаў, жыхары рызыкуюць застацца без святла і каналізацыі. А калі запазычанасць не пагашаецца паўгода, пачынаецца працэс выселення.
Юрысты тлумачаць: калі гаворка ідзе пра жыхароў інтэрнатаў, звесткі пра даўгі перадаюцца ў аварыйна-дыспетчарскую службу. Там накіроўваюць афіцыйнае паведамленне. Калі і пасля гэтага доўг не пагашаны, справа перадаецца ў суд з патрабаваннем выселіць даўжніка без прадастаўлення іншага жылля.