Кіраўнік МУС Польшчы падпісаў распараджэнне аб адкрыцці мяжы з Беларуссю
10- 23.09.2025, 22:46
- 8,002
Мяжа адкрыецца апоўначы 25 верасня.
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі падпісаў у аўторак распараджэнне аб аднаўленні памежнага руху з Беларуссю.
Пра гэта паведаміла прэс-служба польскага МУС.
Згодна з распараджэннем, адкрыццё памежных чыгуначных і аўтамабільных пунктаў пропуску на мяжы Польшчы і Беларусі ўступіць у сілу апоўначы ў чацвер, 25 верасня.
«Як мы і анансавалі, пасля дбайнага аналізу, праведзенага на падставе інфармацыі, атрыманай ад службаў, мы зноў адкрываем мяжу. Мы пастаянна маніторым сітуацыю», — сказаў Кервіньскі.
Пра адкрыццё мяжы з Беларуссю раней у аўторак анансаваў прэм'ер-міністр Польшчы Данальд Туск.
З 12 верасня ўсе пункты пропуску на мяжы Польшчы з Беларуссю заставаліся закрытымі. Прыпыненне памежнага руху дзейнічала ў абодвух напрамках — выезду з Польшчы ў Беларусь і наадварот — з-за расійска-беларускіх ваенных вучэнняў «Захад-2025».