Юрый Фельштынскі: Падзенне расійскай імперыі можа пачацца з Беларусі
25- 24.09.2025, 15:11
- 18,726
Страціўшы «беларускі плацдарм», Пуцін прайграе вайну.
Вядомы амерыканскі гісторык і пісьменнік Юрый Фельштынскі прадставіў у Празе новую кнігу — «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара». Пасля сустрэчы з чытачамі, якая адбылася 17 верасня ў культурнай прасторы «Новае месца», Юрый Фельштынскі распавёў «Радыё Свабода», як зацікавіўся тэмай Беларусі, чаму выбраў галоўную рэдактарку сайта Charter97.org Наталлю Радзіну у якасці гераіні кнігі, а таксама выказаў меркаванне, што падзенне рэжыму Лукашэнкі можа прывесці да распаду расійскай імперыі:
— Я ведаў Наталлю Радзіну як журналістку: яна брала ў мяне інтэрв’ю для сайта, час ад часу мы перасякаліся ў Варшаве на нейкіх канферэнцыях.
Ідэя кнігі ўзнікла ў мяне даволі спантанна: на Форуме свабоднай Расіі Наталля прачытала вельмі кароткую лекцыю пра Беларусь — для тых людзей, якія ўвогуле не разумеюць, што такое Беларусь. За 10 хвілін — ад старажытных часоў да нашых дзён.
І гэтае выступленне зрабіла на мяне моцнае ўражанне, бо я раптам усвядоміў, што нічога не разумеў пра Беларусь. Галоўнае, чаго я не разумеў, — што гэта еўрапейская краіна, арыентаваная на Захад, і што такой яна была заўсёды; што гэта зусім не нейкі малодшы партнёр або «малодшы брат», які арыентуецца на Расію.
Кожны, хто паглядзіць на карту Еўропы, разумее, што Беларусь — гэта вароты ў Еўропу, калі глядзець з боку Расіі. І, адпаведна, буфер, які абараняе Еўропу ад расійскай агрэсіі, калі глядзець з боку Еўропы. У гэтым сэнсе становіцца зразумела, што Беларусь вызначае еўрапейскую бяспеку — альбо ў інтарэсах Еўропы (будучы буферам), альбо ў інтарэсах Расіі, будучы плацдармам.
На жаль, апошнія дзесяцігоддзі мы бачым, што Беларусь паступова з’язджала з буферных пазіцый на пазіцыю плацдарма, што ў 2022 годзе прывяло да таго, што Расія з тэрыторыі Беларусі пачала паўнамаштабную вайну супраць Украіны і да сёння выкарыстоўвае Беларусь як плацдарм, які пагражае бяспецы Еўропы.
Сёння гэта ўжо прыводзіць да відавочных агрэсіўных наступстваў кшталту дронаў, якія пралятаюць праз Беларусь у Польшчу. Раней Расія выкарыстоўвала Беларусь як патэнцыйны плацдарм для ядзернай канфрантацыі — адпаведна, падпісала нейкія пагадненні з Беларуссю аб перакідцы ядзернай зброі. Усе памятаем, як Лукашэнка гучна і адкрыта пагражаў Польшчы і Літве прымяненнем ядзернай зброі, хоць, паводле сённяшніх дадзеных, расійскай ядзернай зброі, здаецца, няма ў Беларусі. Агульнае меркаванне людзей, з якімі я размаўляў, зводзіцца да таго, што падрыхтоўчыя мерапрыемствы праведзены, але перакідка расійскай ядзернай зброі ў Беларусь не пачалася. З гэтай прычыны Беларусь мяне вельмі зацікавіла.
«Паразу Расіі можа забяспечыць змена рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі»
— Лічу, што ў той даволі пазіцыйнай вайне, якую цяпер вядуць Расія і Украіна, калі відавочна, што Расія не можа захапіць Украіну, а Украіна, на жаль, не ў стане выбіць расійскія войскі з акупаваных тэрыторый, параза Расіі можа быць забяспечаная зменай рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.
Мы разумеем, што расійскае ўварванне ва Украіну планавалася як першы крок «каскаднай» агрэсіі ў дачыненні да Еўропы. І, думаю, у Еўропе гэта ўсім ясна.
Калі Расія захопіць Украіну або прарве ўкраінскі фронт, разбурыць гэтую ўкраінскую «плаціну», то сотні тысяч салдат расійскай арміі рушаць у Еўропу. Гэта абсалютна ўсім зразумела. Ні ў каго з еўрапейскіх палітыкаў няма ілюзій, што, захапіўшы Украіну, Расія дэмабілізуе армію, і ўсе гэтыя 400 або 600 тысяч расійскіх салдат паедуць дадому і будуць мірна жыць са сваімі сем’ямі. Тое, што гэтыя ж салдаты пойдуць далей у Усходнюю Еўропу, думаю, даволі відавочна.
Вайна ва Украіне задумвалася як першы крок «каскаднай» агрэсіі, але стала для Пуціна касцю ў горле. І захапіць Украіну ў выніку ён не можа — ні праз «аншлюс» 2014 года, ні праз «бліцкрыг» 2022 года, ні праз капітуляцыю, на якую ён спадзяваўся з дапамогай Трампа.
Мяне падаецца, што калі б у гэтай сітуацыі Расія страціла кантроль над Беларуссю, гэта азначала б паразу ў вайне. Страціўшы Беларусь як плацдарм, Пуцін не можа ні наступаць на Еўропу, ні пагражаць Еўропе. Еўропа ў гэтым выпадку аказваецца ў поўнай бяспецы, а Пуцін, адпаведна, прайграе ўсю сваю знешнепалітычную бітву за захоп Еўропы.
— Ёсць меркаванне, што ў Беларусі немагчымыя перамены, пакуль не адбудуцца перамены ў Расіі. То бок, калі ў Беларусі змяняецца ўлада, то на наступны дзень там будуць расійскія танкі. Вы ставіце пытанне крыху інакш. Наколькі, на ваш погляд, рэалістычныя перамены ў Беларусі без маштабных зменаў у самой Расіі?
— Не відавочна, што такое меркаванне правільнае. Яно можа быць правільным у тым сэнсе, што калі перамены адбудуцца ў Расіі, яны адбудуцца і ў Беларусі. Гэта, напэўна, так. Але практыка паказвае, што разбурэнне імперыі пачынаецца не абавязкова ў цэнтры, а вельмі часта на ўскраінах імперскіх валоданняў.
І калі мы, напрыклад, паглядзім на распад Савецкага Саюза ў 1991 годзе, убачым, што цэнтрабежны рух пачаўся, скажам, у краінах Балтыі, якія не былі найбольшай тэрытарыяльнай часткай Савецкага Саюза.
— На гэта можна сказаць, што тады імперыя ўжо была пэўна аслабленая, хаця яе і спрабавалі ўтрымаць з дапамогай савецкіх войскаў — быў штурм тэлебашні ў Вільнюсе, іншыя падзеі на ўскраінах былога Савецкага Саюза. Якое аслабленне Расіі неабходнае для таго, каб перамены маглі адбыцца ў Беларусі?
— Давайце ўсё ж паразважаем на тэму «гліняных калосаў». У гэтым і праблема з рэвалюцыямі і імперыямі. Яны ўсе здаюцца шалёна моцнымі да таго самага дня, калі раптам аказваецца, што гэта картачны домік, які абвальваецца. І тады ўсе ўжо заднім лікам кажуць: ну так, імперыя ж развальвалася, мы ж гэта бачылі, вось паглядзіце — гэта было няправільна, тое было няправільна.
Няма падставаў лічыць, што рэжым Пуціна стабільны. Ён быў стабільны да пачатку вялікай вайны, безумоўна. Але ў 2022 годзе ўжо пачынаецца вялікая вайна — гэта не захоп беззбройнага Крыму за 24 гадзіны, бо расійская армія там ужо стаяла, а ўкраінскай арміі не было. І гэта нават не вайна за Данбас, якая, дарэчы, вядзецца з 2014 года, і дагэтуль Данбас цалкам не захоплены Расіяй.
Гэта якраз, бадай, самае сур’ёзнае сведчанне таго, што Расія не настолькі моцная дзяржава, якой спрабуе сябе паказаць і якой яе баяцца, бо гэта краіна з ядзернай зброяй. І, здавалася б, з ядзернай зброяй ніхто не хоча жартаваць.
Рэжым у Расіі стабільны, як і ўсе такія рэжымы, да пэўнага часу. І абрынуцца ён можа за 24 гадзіны.
Іншая справа — і я гэта падкрэслю — я не лічу, што ў Расіі дыктатура Пуціна. У адрозненне ад Беларусі, дзе відавочная дыктатура Лукашэнкі. Лічу, што ў Расіі ва ўладзе стаіць ФСБ як ведамства, як інстытут. І, вядома, гэтыя людзі не збіраюцца аддаваць уладу, незалежна ад таго, памрэ заўтра Пуцін ці не. У гэтым і ёсць больш сур’ёзная праблема.
Калі Лукашэнка будзе зрынуты або памрэ, і ў Беларусі да ўлады прыйдуць нейкія дэмакратычныя сілы, то Расія можа зрабіць тое ж, што яна зрабіла ва Украіне, — пачаць супраць Беларусі вайну. Але мы бачым, што добра ваяваць не атрымліваецца. Разбураць — атрымліваецца, забіваць людзей — атрымліваецца. Але зусім не відавочна, што адкрытае ўварванне, адкрытая акупацыя Беларусі Расіяй будзе горшым сцэнаром, чым тое задушэнне пры дапамозе Лукашэнкі, якое Расія праводзіць у Беларусі цяпер.
Гістарычна, думаю, ужо зараз зразумела, што пры наступным распадзе Расійскай імперыі Беларусь, вядома, стане незалежнай дэмакратычнай дзяржавай. Прычым дзяржавай, якая глядзіць у бок Еўропы, якая ўвойдзе ў ЕС і НАТА.
«Наталля Радзіна мяне здзівіла»
— Я ўбачыў, што ёсць беларусы (і іх, насамрэч, вельмі шмат), якія лічаць, што Беларусь павінна змагацца за сваю незалежнасць. Што гэтая незалежнасць будзе заключацца ў арыентацыі Беларусі на Еўропу, на сяброўства ў ЕС.
Што на ваенна-палітычным узроўні Беларусь павінна будзе ўвайсці ў НАТА, каб забяспечыць сваю бяспеку. Бо насамрэч гэта тая прычына, з-за якой Украіна апынулася ў сітуацыі ўразлівасці. Калі б украінцы своечасова правялі неабходныя эканамічныя рэформы, адарваліся ад супрацоўніцтва з Расіяй, змаглі своечасова ўвайсці ў ЕС і НАТА, агрэсіі з боку Расіі не было б.
Бо агрэсія з боку Расіі адбываецца толькі ў дачыненні да тых краін, якія не паспелі ўвайсці ў НАТА. Грузія ў 2008 годзе, Малдова, якая яшчэ з часоў Ельцына знаходзіцца ў цяжкім становішчы з-за таго, што туды калісьці былі ўведзеныя расійскія войскі без згоды малдаўскага боку. І яны дагэтуль там знаходзяцца. Ну і Беларусь, якая фактычна кантралюецца і фактычна акупаваная Расійскай Федэрацыяй. І вось цяпер Украіна. То-бок усе тыя краіны, якія паспелі ўвайсці ў НАТА, на дадзены момант павінны думаць пра сваю бяспеку, але ў рамках усёй структуры Альянсу.
Мы ведаем адказ на пытанне, што патрэбна для таго, каб краіна захавала сваю цэласнасць, незалежнасць і эканамічны росквіт. На сёння рэцэпт ад гэтай хваробы вядомы — гэта ЕС і НАТА. Вось, уласна, тое, чаго павінна дамагацца новае беларускае кіраўніцтва.
Вельмі важна зразумець, хто тыя людзі, што прэтэндуюць на кіраўніцтва апазіцыйным рухам, дысідэнцкім рухам, рэвалюцыйным рухам у Беларусі, і якія ў іх планы. І вось якраз у гэтым плане Наталля Радзіна мяне здзівіла. Я зразумеў, што ў Беларусі ёсць палітыкі, якія стаяць на празахадных пазіцыях. Бо з боку, жывучы ў Амерыцы, вельмі добра разважаць, што Беларусь павінна ўвайсці ў НАТА, у ЕС, каб беларусы скінулі Лукашэнку. І тады ўсё ў Беларусі будзе добра.
Калі высвятляецца, што на такой жа пазіцыі стаяць і дастаткова вядомыя беларускія палітыкі, то, пагадзіцеся, мае тэарэтычныя здагадкі ўжо набываюць пэўны практычны сэнс. Павінен дадаць, што ў пэўны момант я паляцеў у Вільнюс, каб сустрэцца са Святланай Ціханоўскай. І мне падалося, што яна не прытрымліваецца гэтых пазіцый. І я зрабіў для сябе выснову, што ў гэтым сэнсе абапірацца на Ціханоўскую будзе няправільна. А вось Радзіна цалкам супала з маімі пазіцыямі.
У Ціханоўскай я не ўбачыў жорсткасці ў дачыненні да дыктатуры Лукашэнкі, жорсткасці ў дачыненні да людзей, якія з’яўляюцца шматгадовымі паплечнікамі Лукашэнкі, якія разам з ім выбудоўвалі злачынны рэжым, створаны ў Беларусі. Я не ўбачыў там арыенціра на ЕС і на НАТА ў сэнсе гатоўнасці настойваць на гэтым і змагацца. Напэўна, усе скажуць: хто ж супраць ЕС. Гэта, урэшце, для невялікіх дзяржаў даволі відавочная і выгадная схема суіснавання ў Еўропе. Але НАТА — гэта сур’ёзныя палітычныя пытанні. І сапраўды, не ўсе палітыкі ў тых ці іншых дзяржавах падтрымліваюць ідэю ўступлення ў НАТА, бо гэта азначае адкрытую дэкларацыю антырасійскай палітычнай пазіцыі.
Дакуль Фінляндыя са Швецыяй не ўступілі ў НАТА, можна было казаць, што гэтыя краіны нейтральныя. Але як толькі фіны і шведы ўбачылі, чым гэта пагражае, дык нават яны паспяшылі ўскочыць у НАТА. А цяпер нават Аўстрыя пра гэта задумваецца.
Гэта паказальны момант. Калі палітык лічыць, што яго краіна павінна быць часткай НАТА, гэта значыць, што ён займае жорсткую празахадную пазіцыю.