Пратэсты ў Іране напалохалі Лукашэнку
12- 10.01.2026, 13:37
- 14,396
І далі беларусам надзею.
Пратэсты, якія чарговы раз узняліся ў Іране, даюць надзею на тое, што пратэстоўцам урэшце ўдасца дамагчыся свайго, хоць сітуацыя да канца незразумелая. Тым часам Аляксандр Лукашэнка насцярожана за гэтым назірае, бо ў сітуацыях Ірана і Беларусі ёсць падабенствы. Такое меркаванне ў эфіры «Белсата» выказаў палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман падчас абмеркавання сітуацыі ў Іране.
«Гэта дае надзею»
Кіраўнік Ірана Алі Хаменеі заявіў, што пратэстоўцы шкодзяць краіне, каб дагадзіць прэзідэнту ЗША Дональду Трампу. Хаменеі дадаў, што Трамп можа пакінуць пасаду на піку сваёй папулярнасці. Паводле слоў Аляксандра Фрыдмана, ЗША сапраўды могуць сур'ёзна паўплываць на сітуацыю ў Іране.
«Мы ведаем, што Трамп схільны да эмацыйных крокаў. Дык што пасля гэтай заявы Хаменеі магчыма многае. Думаю, і Трамп выдатна разумее, што менавіта ён тая асоба, якая можа вельмі моцна паўплываць на сітуацыю», – кажа Аляксандр Фрыдман.
Раней прэзідэнт ЗША заяўляў, што, калі ў Іране будуць забітыя пратэстоўцы, ЗША могуць умяшацца. Ужо вядома прынамсі пра 30 забітых пратэстоўцаў. Аляксандр Фрыдман не выключае, што пагрозы ЗША могуць быць рэалізаваныя.
«Пытанне хутчэй у тым, як гэта паўплывае на падзеі, ці падштурхне гэта людзей выходзіць на пратэсты яшчэ ў большай колькасці, ці аслабіць гэта нейкім чынам рэжым. Гэта ўсё – адкрытае пытанне. Мы бачым у Трампа даволі выразную стратэгію. Ён прынцыпова гатовы да ваенных аперацый, але калі ўпэўнены, што гэта можа прынесці перамогу. Што да Ірана, такой упэўненасці няма, бо сітуацыя вельмі хісткая і асабліва незразумелая», – адзначае ён.
Паводле эксперта, прыхільнікі супраціву ў Іране чакаюць умяшання ЗША, якое магло б ім дапамагчы. Аднак у ЗША былі, у тым ліку, адмоўныя рэакцыі на ўмяшанне ў справы Венесуэлы.
«Таму, хутчэй за ўсё, калі будзе нанесены ўдар па Іране, асабліва пазітыўнай рэакцыі ў Злучаных Штатах не будзе. Іншая справа, калі будзе вынік. Калі сапраўды з дапамогай гэтага ўмяшання ўпадзе рэжым, што ўсталяваўся ў 1979 годзе, радыкальны антыамерыканскі рэжым, у перспектыве, вядома, гэта можа даць Трампу дадатковыя бонусы ў саміх Злучаных Штатах», – кажа Аляксандр Фрыдман».
Тым часам у самым Іране склаўся незвычайны стан рэчаў. Эксперт нагадвае, што гісторыя пратэстаў у гэтай краіне доўгая. Яны ўзнікалі з-за нязгоды з палітычным курсам і з-за незадаволенасці становішчам жанчын. Цяпер да гэтых прычын дадаліся вялікія эканамічныя праблемы, якія і выклікалі цяперашнія пратэсты.
«Сітуацыя ў Іране проста катастрафічная. Людзям, якія выходзяць на вуліцы, асабліва ўжо няма чаго губляць. Іншая справа, калі сітуацыя эканамічная больш-менш, як гэта было ў Беларусі ў 2020 годзе, і людзі выходзілі за свабоду, за дэмакратыю, за справядлівыя выбары. У сённяшнім іранскім выпадку гаворка не пра тое, каб проста дамагчыся свабоды і дэмакратыі. Вядома, гэтыя мэты нікуды не зніклі. Але тут пытанне яшчэ і эканамічнае – нейкім чынам выйсці з гэтага скрутнага становішча», – працягвае Аляксандр Фрыдман.
Ён адзначае, што эканамічныя пратэсты маюць асабліва радыкальны і ўпарты характар, што цяпер і назіраецца.
«Гэта дае надзею, што нават у такой сітуацыі, калі здаецца, што ўжо няма шанцаў і ў цябе ніколі не атрымаецца, у пэўны момант усё-такі можа атрымацца», – кажа Аляксандр Фрыдман.
Лукашэнка напружыўся?
Эксперт бачыць пэўнае падабенства ў сітуацыях Беларусі і Ірана.
«Хто чакаў яшчэ тыдзень таму, што пратэсты [у Іране. – Заўв. рэд.] выйдуць на той узровень, на якім яны цяпер? Таксама, як і ў Беларусі ў 2020 годзе. Хто чакаў у пачатку жніўня 2020 года, што беларускія пратэсты будуць такімі, якіямі яны ўрэшце былі», – кажа Фрыдман.
Агульным для Беларусі і Ірана з'яўляецца і тое, што краінамі кіруюць «людзі з мінулага».
«Яны арыентаваныя на мінулае і знішчаюць будучыню маладога пакалення. Гэта агульная рыса і Ірана, і Беларусі», – адзначае суразмоўца.
Ён упэўнены, што тое, што адбываецца ў Іране, выклікала ў Аляксандра Лукашэнкі асацыяцыі з 2020 годам у Беларусі.
«І вось такое пагаршэнне эканамічнага становішча ў Іране і тое, што, нягледзячы на пагрозы, людзі выходзяць на вуліцы і пратэстуюць, – гэта для такога дыктатара, як Лукашэнка, напэўна, найгоршае, што толькі можна ўявіць. Таму ён сочыць за гэтымі падзеямі, але не жадае нават узмацняць іх, уводзіць у беларускі афіцыйны дыскурс. Ён не хоча, каб людзі ўвогуле ў Беларусі звярталі на гэта ўвагу. Бо калі звяртаеш увагу на падзеі ў Іране, пачынаеш разважаць і праводзіць пэўныя аналогіі паміж іранскімі падзеямі і беларускімі», – падсумоўвае Аляксандр Фрыдман.
Масавыя пратэсты пачаліся ў Іране напрыканцы снежня, працягваюцца дагэтуль і пашыраюцца. 9 студзеня ўлады адключылі ў краіне інтэрнэт, а таксама былі недаступныя тэлефонныя званкі.