Неўстойлівы баланс Дэльсі Родрыгес
3- 11.01.2026, 16:18
- 5,466
Віцэ-прэзідэнтка Венесуэлы спрабуе балансаваць паміж двума сіламі.
Арышт дыктатара Венесуэлы Нікаласа Мадуры амерыканскімі сіламі 3 студзеня стаў паваротным момантам для Венесуэлы і справакаваў бурлівую рэакцыю як унутры краіны, так і за яе межамі. У першыя гадзіны пасля аперацыі сацыяльныя сеткі запоўніліся відэа і паведамленнямі радасці: мільёны венесуэльцаў, уключаючы дыяспару ў Лацінскай Амерыцы і Еўропе, успрынялі тое, што адбылося, як канец эпохі дыктатуры. Пры гэтым афіцыйны камунікацыйны апарат рэжыму фактычна абрынуўся, дзяржаўныя СМІ маўчалі, а супярэчлівыя сігналы ішлі толькі праз Telegram-каналы, піша Atlantic Council (пераклад — сайт Charter97.org).
У цэнтры палітычнага крызісу апынулася віцэ-прэзідэнтка Дэльсі Родрыгес, якая абвясціла сябе выконваючай абавязкі кіраўніка дзяржавы. У сваіх першых заявах яна назвала Мадуру «адзіным прэзідэнтам» і запатрабавала яго вызвалення. Аднак амаль адначасова прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Родрыгес супрацоўнічае з Вашынгтонам і гатовая выконваць яго патрабаванні, у тым ліку ў нафтагазавай галіне. Гэтыя ўзаемавыключальныя сігналы прадэманстравалі глыбокі раскол і дэзарыентацыю ўнутры чаўісцкай эліты.
Родрыгес спрабуе балансаваць паміж двума сіламі. З аднаго боку — патрабаванні ЗША забяспечыць умовы для працы амерыканскіх кампаній і разарваць сувязі з геапалітычнымі апанентамі Вашынгтона. З другога — неабходнасць захаваць падтрымку чаўісцкай кааліцыі і сілавых структур, для якіх любыя саступкі ЗША выглядаюць як здрада. Гэта падвойная гульня ўжо падрывае давер да яе здольнасці забяспечыць стабільнасць і кіравальнасць краіны.
Дадатковую складанасць ствараюць знешнія абавязанні Венесуэлы. Краіна цесна звязаная з Кітаем, перад якім завінавацілася каля 20 млрд долараў, з Расіяй — ключавым партнёрам у энергетыцы і вайсковай сферы, з Іранам — у галіне беспілотных тэхналогій, і з Кубай — праз інтэграцыю разведслужбаў. Вашынгтон патрабуе неадкладнага разрыву гэтых сувязяў, што пагражае Каракасу эканамічнымі і сілавымі ўзрушэннямі.
На фоне барацьбы эліт дэмакратычная апазіцыя на чале з Марыяй Карынай Мачада, якая мае значную грамадскую падтрымку, застаецца на перыферыі працэсу прыняцця рашэнняў. Грамадзянская супольнасць баіцца, што пераходны перыяд будзе вызначацца знешнімі здзелкамі, а не дэмакратычнай павесткай.
Эксперты адзначаюць, што без вызвалення амаль тысячы палітычных зняволеных і выразнага плана дэмакратычнага пераходу цяперашняя няпэўнасць можа перарасці альбо ў новы віток гвалту, альбо ў зацяжны крызіс легітымнасці ўлады.