Трамп пасмяяўся з Лукашэнкі
29- Васіль Верас, «Салідарнасць»
- 3.01.2026, 13:08
- 30,102
Год пачаўся бадзёра.
Кіраўнік Беларусі апошнім часам спрабаваў пазіцыянаваць сябе як «пазаштатнага дарадцу» прэзідэнта ЗША. З Венесуэлай выйшла не вельмі.
«Абсалютна перакананы, што ўсе пытанні, усе пажаданні Злучаных Штатаў Амерыкі можна сёння вырашыць абсалютна мірным шляхам», – заяўляў Аляксандр Лукашэнка ў першай палове снежня.
У інтэрв'ю Newsmax ён таксама сказаў: «Вайна ні да чаго не прывядзе. Учора я [спецыяльнаму пасланніку прэзідэнта ЗША] Джону Коўлу пра гэта гаварыў. Я яму сказаў, гэта будзе другі В'етнам. Ён вам патрэбны? Не патрэбны. Таму не трэба там ваяваць. Там можна дамовіцца».
Падсумаваў Лукашэнка так: «Думаю, што ў найбліжэйшы час нам удасца на гэтую тэму пагаварыць з Дональдам Трампам. Я яму шмат чаго цікавага скажу».
Аднак амерыканскі прэзідэнт не стаў выслухоўваць «казкі мінскага лесу». Трамп аддаў загад, і 2 студзеня войскі ЗША нанеслі ўдары па вайсковых аб'ектах Венесуэлы, кіраўніцтва якой Белы дом абвінавачвае ў арганізацыі наркатрафіку.
Пакуль рана рабіць высновы, чым скончыцца гэтая гісторыя. Можна толькі канстатаваць, што год пачаўся бадзёра.
І пытанне «на закуску»: застанецца Лукашэнка «трампістам» пасля ўдараў па сяброўскай яму Венесуэле ці адрачэцца ад нядаўняга куміра?
Васіль Верас, «Салідарнасць»