Марка Рубіо: Мадура ўжо пад вартай у ЗША
9- 3.01.2026, 14:40
- 10,598
Дыктатара арыштавалі амерыканскія вайскоўцы для суда па крымінальных абвінавачаннях.
Вайсковая аперацыя Злучаных Штатаў Амерыкі супраць Венесуэлы завершаная. Прэзідэнт краіны Нікалас Мадура ужо знаходзіцца пад вартай у ЗША.
Пра гэта дзяржсакратар ЗША Марка Рубіо паведаміў амерыканскаму сенатару Майку Лі.
«Толькі што пагаварыў з Маркам Рубіо. Ён паведаміў мне, што Нікаласа Мадуру арыштавалі амерыканскія вайскоўцы для суда паводле крымінальных абвінавачанняў у ЗША», — напісаў Майк Лі ў сацсетцы X.
Паводле слоў Рубіо, вайсковыя дзеянні былі накіраваныя на абарону тых, хто выконваў ордэр на арышт.
Дзяржсакратар таксама не чакае далейшых вайсковых дзеянняў у Венесуэле, бо Мадура знаходзіцца пад вартай у ЗША. Захоп лідара Венесуэлы быў галоўнай мэтай аперацыі.
Пра тое, што Мадура прадстане перад правасуддзем за свае злачынствы, заявіў таксама намеснік дзяржсакратара ЗША Крыстафер Ландау.
«Новы світанак для Венесуэлы! Ціран сышоў. Цяпер ён нарэшце прадстане перад правасуддзем за свае злачынствы», — адзначыў ён.
Аперацыя ЗША супраць Венесуэлы
Нагадаем, сёння, 3 студзеня, Злучаныя Штаты Амерыкі нанеслі шэраг удараў па сталіцы Венесуэлы — Каракасе. У горадзе гучалі выбухі.
Паводле даных мясцовых СМІ, ЗША нанеслі ўдар па будынку парламента Венесуэлы, дому міністра абароны краіны Уладзіміра Падрына Лопеса. Таксама ўдары маглі быць нанесеныя па паўднёвых раёнах Каракаса, у прыватнасці па форце Тыуна і авіябазе імя генералісімуса Франсіска дэ Міранды.
У сталіцы Венесуэлы атакам маглі падвергнуцца прынамсі дзесяць аб'ектаў.
Таксама мясцовыя пішуць пра ўдар па ваенна-марской базе Ла-Гуайра ў штаце Варгас, дзе знаходзіцца марская акадэмія. Зафіксаваныя ўдары па порце Каракаса і востраве Маргарыта ў Карыбскім моры, дзе сканцэнтраваная значная колькасць вайсковай інфраструктуры.
Пазней прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пацвердзіў, што ЗША паспяхова правялі маштабную аперацыю супраць Венесуэлы. Прэзідэнт Нікалас Мадура разам са сваёй жонкай быў схоплены і вывезены з краіны.