Atlantic Council: Перад ЗША паўстаў складаны выбар
6- 7.01.2026, 13:02
- 4,132
Як Трамп можа абараніць дэмакратычную будучыню Венесуэлы.
Пасля паспяховай аперацыі ЗША па затрыманні венесуэльскага дыктатара Нікаласа Мадуры асноўнае пытанне перамясцілася з ваеннай плоскасці ў палітычную. Што рабіць далей, каб забяспечыць дэмакратычную будучыню Венесуэлы? Нягледзячы на дакладнасць аперацыі і адабрэнне з боку прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, нечаканым крокам адміністрацыі стала рашэнне падтрымаць часовае кіраўніцтва краінай на чале з віцэ-прэзідэнткай Дэлсі Радрыгес — даўняй саюзніцай Мадуры, піша Atlantic Council (пераклад — сайт Charter97.org).
Вашынгтон зрабіў стаўку на кароткатэрміновы прагматызм, засяродзіўшыся на пытаннях бяспекі і эканомікі, а не на неадкладным пераходзе да дэмакратыі. Пры гэтым Трамп публічна паставіў пад сумнеў падтрымку лідаркі апазіцыі Марыі Карыны Мачада, нягледзячы на тое, што менавіта яна фактычна прывяла апазіцыю да перамогі на выбарах 2024 года, да ўдзелу ў якіх сама не была дапушчаная.
Паводле Канстытуцыі Венесуэлы Радрыгес можа выконваць абавязкі прэзідэнткі да 180 дзён, пасля чаго павінны быць абвешчаныя выбары. Аднак прававая нявызначанасць і досвед мінулых гадоў выклікаюць асцярогі, што працэс можа быць зацягнуты або скажоны. Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіо прызнаў, што дэмакратычны пераход «патрабуе часу», але не назваў выбары прыярытэтам.
Пакуль адміністрацыя Трампа робіць акцэнт на стратэгічных мэтах: кантроль над нафтавай галінай, барацьба з наркатрафікам, выцісканне ўзброеных угрупаванняў. ЗША маюць намер выкарыстоўваць свой уплыў, устанаўліваючы дакладныя патрабаванні і тэрміны іх выканання.
Эксперты адзначаюць, што без рэальных крокаў — вызвалення палітвязняў, допуску ўсіх кандыдатаў да выбараў і гарантый празрыстага галасавання — рызыка паўтору фіктыўных выбараў застаецца высокай. Наступны этап для Вашынгтона можа апынуцца больш складаным, чым ваенная аперацыя, — дамагчыся ад пераходнай улады рэальных рэформаў і стварыць умовы для свабодных і сумленных выбараў.