За блэкаўтам у Берліне можа стаяць Расія
7- 7.01.2026, 16:46
- 5,796
СМІ ўказваюць на прыкметы гібрыднай атакі.
За групоўкай, дыверсія якой пакінула Берлін без цяпла і святла, можа стаяць краіна-агрэсар Расія. Пра гэта піша Welt.
Дэпутат Бундэстага ад Хрысціянска-дэмакратычнага саюза Германіі (ХДС) Родэрых Кізэвэтэр заявіў выданню, што ліст, у якім леваэкстрымісцкая група ўзяла на сябе адказнасць за падпал кабельнага моста 4 студзеня, быў перакладзены з рускай мовы на нямецкую.
Пра гэта сведчаць памылкі ў тэксце, і ў дакуменце на 11 старонках ужываецца «дзіўная мова і незвычайныя фармулёўкі», лічыць ён.
Кізэвэтэр назваў мову ліста «карэвай». Альбо левыя экстрэмісты належным чынам не валодаюць нямецкай мовай, альбо «ім прадпісваюць, што яны павінны гаварыць», сказаў ён журналістам, адзначыўшы, што гэтай версіі неабходна надаць увагу.
Намеснік начальніка берлінскай паліцыі Марко Лангнер запэўніў СМІ, што на расійскі след у расследаванні дыверсіі «нічога не паказвае». Паводле яго слоў, усё «вельмі ясна» вядзе да нямецкіх радыкалаў, у тым ліку — публічнае прызнанне. Слядства лічыць яго сапраўдным і ўказвае, што такія лісты — тыповы почырк падобных арганізацый, мэты нападу «таксама адпавядаюць».
Экспертка па штучным інтэлекце Андрэа Шлютэр у каментары для выдання заявіла, што «па некаторых фармулёўках даволі ўпэўненая, што яны не былі першапачаткова складзены па-нямецку».
У той жа час журналістка Stern Мірыям Холльштайн указвае на заўсёды даволі заблытаную мову ў леварадыкальных лістах з прызнаннем адказнасці.