«Гэта надзвычай карысны прэцэдэнт»
1- 7.01.2026, 18:38
- 6,626
Ва Украіне пракаментавалі захоп падсанкцыйнага танкера.
Захоп Злучанымі Штатамі падсанкцыйнага танкера Marinera пад расійскім сцягам можа стаць прэцэдэнтам. Пра гэта заявіў у Facebook упаўнаважаны прэзідэнта Украіны па санкцыйнай палітыцы Уладзіслаў Уласюк.
«Захоп амерыканскімі вайскоўцамі танкера Marinera/Bella 1 «ценявога флоту», які раптам апынуўся пад расійскім сцягам, можа стаць надзвычай карысным прэцэдэнтам для прымусу да выканання санкцый. [...] Вельмі добра. Трэба яшчэ», — напісаў ён.
Уласюк адзначыў, што ў падсанкцыйных танкераў «ценявога флоту» РФ — «адна кухня», ён апісаў яе на прыкладзе захопленага танкера: «Выйшаў з Ірана, павозіў нафту з Венесуэлы, стаў пад сцяг РФ».
Вайскоўцы ЗША захапілі танкер Marinera 7 студзеня ў Атлантычным акіяне недалёка ад Ісландыі. Расійскія караблі, якія ў той час былі побач, не ўмешваліся ў спецаперацыю амерыканцаў.
Каментуючы спецаперацыю ў сацсетцы X, еўрапейскае камандаванне арміі ЗША адзначыла, што «гэты захоп падтрымлівае заклік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, накіраваны супраць суднаў, на якія распаўсюджваюцца санкцыі і якія пагражаюць бяспецы і стабільнасці Заходняга паўшар'я».