У Варшаве прэзентуюць кнігу «Беларусь Наталлі Радзінай»
- 8.01.2026, 18:50
Прэзентацыя адбудзецца 16 студзеня.
16 студзеня, у пятніцу, а 18:00 у Цэнтры Анджэя Вайды (Al. Ujazdowskie 20) у Варшаве адбудзецца прэзентацыя новай кнігі вядомага амерыканскага гісторыка і публіцыста Юрыя Фельштынскага «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара». Будуць прадстаўлены версіі кнігі на беларускай, украінскай і рускай мовах.
У прэзентацыі возьмуць удзел аўтар кнігі Юрый Фельштынскі і галоўная гераіня — Наталля Радзіна, беларуская журналістка, галоўная рэдактарка сайта «Хартыя’97». Вядучым мерапрыемства будзе ксёндз Вячаслаў Барок. Госці змогуць задаць пытанні і пагутарыць з удзельнікамі сустрэчы.
Юрый Фельштынскі — аўтар вядомых кніг «ФСБ узрывае Расію», «Карпарацыя: Расія і КДБ у часы прэзідэнта Пуціна», «Трэцяя сусветная. Бітва за Украіну».
Кніга «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара» — гэта гісторыя сучаснай Беларусі, апісаная праз жыццё аднаго чалавека: беларускай журналісткі і палітыка Наталлі Радзінай, галоўнай рэдактаркі вядучага беларускага апазіцыйнага сайта «Хартыя’97» (Charter97.org).
Прачытаўшы гэтую кнігу, чытач стане сведкам рэвалюцыйных падзей і пратэснага руху, што пачаўся ў Беларусі ў 1995 годзе і не згасае па сённяшні дзень, пазнаёміцца з летапісам шматлікіх палітычных забойстваў, арганізаваных беларускімі спецслужбамі па загадзе дыктатара Лукашэнкі, разам з Радзінай акунецца ў яе турэмныя будні, адчуе радасць яе вызвалення і складанасці ўнікальных уцёкаў ад КДБ з Беларусі, стане відавочцам яскравых і незабыўных сустрэч з такімі вядомымі сучаснікамі, як Станіслаў Шушкевіч, Лех Валэнса, Анджэй Вайда, Барыс Нямцоў, Леанід Нявзлін, Хілары Клінтан і іншымі.
Чытач пабачыць, што Беларусь, хоць і была часткай Расійскай імперыі і СССР, з’яўляецца асобнай самабытнай краінай; што з сярэдніх вякоў Беларусь лічыла сябе часткай Еўропы і арыентавалася на Захад, а зусім не на Усход; што будучыня Беларусі, вызваленай ад дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, — з Еўрасаюзам, а не з Расіяй, якая фактычна акупавала Беларусь, чыя бяспека ў выніку можа быць забяспечаная толькі сяброўствам у НАТА.
Але галоўная выснова, якую можа зрабiць чытач, у тым, што, нягледзячы на часовыя паразы і пралітую кроў, арышты і пакаранні смерцю апошніх дзесяцігоддзяў, адсутнасць рэальнай дапамогі звонку, беларуская дэмакратыя жыве, а беларусы працягваюць змагацца за свабоду.
Кніга будзе цікавая не толькі гісторыкам, журналістам і палітолагам, якія вывучаюць Беларусь, але і шырокаму колу чытачоў.
Прэзентацыя адбудзецца 16 студзеня, у пятніцу, а 18:00
Адрас: Варшава, Цэнтр Анджэя Вайды, Al. Ujazdowskie 20
Кнігу «Беларусь Наталлі Радзінай» можна набыць:
Беларускае выданне — платформа выдавецтва «Янушкевіч» «Кнігаўка» і ў Варшаве ў кнігарні «Кнігаўка» па адрасе ul. Kłopotowskiego 4, 03-717.
Рускае выданне — сайт выдавецтва «ISIA Media» і Amazon.
Украінскае выданне — «Друкарський двір Олега Федорова» і Yakaboo.