Расія пацвердзіла, што нанесла «Арэшнікам» удар па Львову
22- 9.01.2026, 9:46
- 11,872
У РФ гэта назвалі «помстай за атаку» на рэзідэнцыю Пуціна на Валдаі.
Падчас атакі па Львову ў ноч на 9 студзеня расійскія войскі ўжылі балістычную ракету «Арэшнік».
Пра гэта заявіла Мінабароны РФ і дадала, што нанесла ўдар гэтай ракетай у адказ на «атаку» на рэзідэнцыю расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, якую нібыта некалькі дзён таму «ажыццявіла Украіна».
Нагадаем, разведка ЗША высветліла, што Украіна не атакавала рэзідэнцыю Пуціна, як пра гэта абвясціў Крэмль.
Удар па Львову
Познім вечарам 8 студзеня ў Львове падчас паветранай трывогі прагрымеў шэраг магутных выбухаў. Мэр Львава Андрэй Садовы пацвердзіў выбухі.
Пазней кіраўнік Львоўскай абласной ваеннай адміністрацыі Максім Казыцкі паведаміў, што на Львоўшчыне расіяне нанеслі ўдар па аб’екце крытычнай інфраструктуры.
Уначы ў Паветраным камандаванні «Захад» Паветраных сіл ЗСУ адзначалі, што аб’екты інфраструктуры ў Львове былі атакаваныя а 23:47.
«Паветраная цэль рухалася са хуткасцю каля 13 тыс. км на гадзіну па балістычнай траекторыі», – удакладнілі вайскоўцы.
Раніцай начальнік упраўлення камунікацыі камандавання Паветраных сіл Юрый Ігнат дапусціў, што Расія ажыццявіла пускі з палігона «Капусцін Яр». Тады ён адзначаў, што цяпер уся інфармацыя ўдакладняецца, у прыватнасці адносна тыпу ракеты, якая ляцела на Львоў.