Названа колькасць даўгажыхароў у Беларусі
1- 1.10.2026, 10:47
У лідарах — Мінск і Мінская вобласць.
У Беларусі жывуць 660 чалавек ва ўзросце 100 гадоў і старэй, вынікае з даных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, апублікаваных да Дня пажылых людзей. Дзевяць з дзесяці даўгажыхароў — жанчыны. Найбольш стагадовых у Мінску і Мінскай вобласці: па 113 чалавек.
Усяго ў краіне каля 1,677 млн чалавек старэйшыя за 65 гадоў, гэта значыць 18,5% насельніцтва. Дзве траціны гэтай узроставай групы (66%) складаюць жанчыны. Яшчэ каля 45 тыс. беларусаў перасягнулі 90-гадовы рубеж, пры гэтым 86% з іх — жанчыны. У Мінску жывуць 8,3 тыс. чалавек старэйшыя за 90 гадоў.
Колькасць пенсіянераў у краіне перавышае 2,4 млн, з іх больш за 2,1 млн дасягнулі агульна ўстаноўленага пенсійнага ўзросту. На выплату пенсій у 2026 годзе прадугледжана 31,1 млрд рублёў, што на 5 млрд больш, чым годам раней.
З лютага працоўныя пенсіі выраслі ў сярэднім на 10%, а з верасня — яшчэ прыкладна на 5%. Сярэдняя працоўная пенсія па ўзросце ў непрацуючага пенсіянера цяпер складае 1126 рублёў.
Амаль кожны чацвёрты беларус працягвае працаваць пасля дасягнення пенсійнага ўзросту. Паводле даных Мінпрацы, такіх людзей 489 тыс., або 23% пенсіянераў адпаведнага ўзросту.