Чаму электрамабілі любяць усе, акрамя вестыбулярнага апарата пасажыраў
2- 14.10.2026, 17:33
- 1,320
Адказ вучоных.
Электрамабілі падабаюцца вадзіцелям дзякуючы ціхай працы і хуткаму разгону, але ў некаторых пасажыраў паездкі на іх выклікаюць млоснасць і галавакружэнне. Вучоныя мяркуюць, што справа ў асаблівасцях паскарэння, тармажэння і адсутнасці звыклых гукаў рухавіка, піша BBC (пераклад — сайт Charter97.org).
Адно з магчымых тлумачэнняў звязана з тым, як галаўны мозг успрымае рух. Звычайна чалавек адначасова арыентуецца на зрок, сігналы вестыбулярнага апарата і адчуванні цела. Калі гэтыя сігналы не супадаюць, можа ўзнікнуць укачванне. У электрамабілях рухавік амаль не шуміць і не вібруе, таму пасажырам бывае складаней распазнаваць змены хуткасці.
Іншы фактар — рэкуператыўнае тармажэнне, пры якім адпусканне педалі акселератара запавольвае аўтамабіль і вяртае энергію ў акумулятар. Калі хуткасць змяняецца рэзка, пасажыра можа раскачваць уперад-назад. Электрамабілі таксама здольныя хутчэй паскарацца і запавольвацца, чым аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згарання.
«Чалавек можа адчуваць, быццам яго раскачвае ўпeрад-назад у той момант, калі хуткасць аўтамабіля раптоўна змяняецца», — тлумачыць неўролаг Нікалас Хак.
Аднак даследаванні пакуль знаходзяцца на ранняй стадыі. Вучоныя падкрэсліваюць, што ўкачванне залежыць і ад стылю ваджэння, а таксама ад індывідуальнай схільнасці. Часцей з ім сутыкаюцца дзеці і жанчыны.
Спецыялісты раяць пасажырам глядзець на дарогу, не чытаць і не карыстацца тэлефонам, а пры магчымасці сядаць наперадзе. Вытворцы таксама могуць змякчаць паскарэнне і наладжваць рэкуператыўнае тармажэнне, каб паездкі былі больш камфортнымі.