У Беларусі сетка АЗС прывязала кошт аўтамыйкі да надвор'я
- 15.10.2026, 19:56
Калі танней памыць аўтамабіль?
У Мінску ўкаранілі дынамічнае цэнаўтварэнне на робатызаваных аўтамыйках. Для беларускага рынку ў гэтым сегменце — нешта новае.
Сетка АЗС «А-100» прывязала тарыфы на мыйку да надвор'я. Пра гэта ў кампаніі паведамілі парталу Office Life.
Прынцып цэнаўтварэння пазычылі ў сэрвісаў таксі і гатэляў, дзе на кошт уплывае попыт.
Новая сістэма аналізуе верагоднасць дажджу і снегу ў розных раёнах Мінска і аўтаматычна карэктуе тарыфы.
Цэны могуць адрознівацца нават па раёнах — усё залежыць ад пагодных умоў у канкрэтнай мясцовасці.
Калі надвор'е будзе пагаршацца, сістэма знізіць кошт праграмы робатызаванага мыцця. У кампаніі кажуць, што, прапаноўваючы кліенту больш выгадныя тарыфы ў пахмурныя дні, такім чынам падзяляюць з ім рызыкі, звязаныя з надвор'ем.