Загадка Розеты: чаму цэлы горад жыў без інфарктаў
- 7.10.2026, 18:38
- 1,598
Гісторыя, якая перавярнула ўяўленні пра тое, што насамрэч абараняе сэрца.
На пачатку 60-х гадоў лекар з Пенсільваніі Бенджамін Фальконе заўважыў дзіўную рэч: за 17 гадоў ён амаль не бачыў жыхароў горада Розеты, у якім вёў практыку, з інфарктамі. Пры гэтым яны курылі, пілі віно, елі пірагі, смажаныя на свіным тлушчы, — то бок мелі ўвесь набор фактараў рызыкі, піша reminder.media.
Разам з калегам Ст'юартам Вольфам, таксама лекарам і вучоным, Фальконе вывучыў медыцынскія запісы за сем гадоў і выявіў, што смяротнасць ад інфаркту сярод мужчын старэйшых за 65 гадоў у Розеце была ўдвая ніжэйшая, чым у суседніх мястэчках. Больш за тое, за ўвесь гэты час ні адзін мужчына маладзейшы за 55 гадоў не памёр ад хваробы сэрца. Навукоўцы некалькі разоў пераправяралі даныя — у іх праўдзівасць было складана паверыць, але памылкі не было.
Яны вылучылі некалькі гіпотэз, якія маглі б патлумачыць гэтую з'яву.

Харчаванне? Тлушчы складалі 41% калорый, якія спажывалі жыхары Розеты. Жыхары мястэчка мігравалі ў ЗША з Італіі, але традыцыйнай для іх міжземнаморскай дыеты не прытрымліваліся.
Гены? Можна было меркаваць, што справа ў паходжанні. Але жыхары Розеты, якія пераехалі ў Нью-Ёрк і Чыкага, паміралі ад інфарктаў з той жа частатой, што і астатнія амерыканцы.
Вада, глеба, клімат? Суседнія гарады Бангор і Назарэт стаяць на тых самых пагорках і карыстаюцца той жа вадой — але іх жыхары паміралі ад інфарктаў.
Тады Вольф адважыўся на эксперымент і разам з сацыёлагам Джонам Брунам пасяліўся ў горадзе на некалькі месяцаў. Яны стараліся жыць, як мясцовыя: хадзілі на нядзельныя вячэры, дзе за сталом збіралася па трыццаць чалавек з некалькіх пакаленняў адной сям'і; бачылі, як заможныя суседзі наўмысна не выстаўлялі дастатак напаказ, каб не выбівацца з супольнасці; адзначалі, што калі хтосьці губляў працу, суседзі прыносілі яму ежу і грошы, не чакаючы просьбаў. На паўтары тысячы жыхароў у Розеце прыпадала больш за дваццаць прыходскіх арганізацый, а мэра, святара і лекара ўсе ведалі асабіста.
Вольф і Брун зрабілі выснову, што ад інфарктаў жыхароў абараняе «сіла клана». І зрабілі прагноз: як толькі горад пачне змяняцца, смяротнасць вырасце.
Тады гэтае прадказанне не ўспрынялі ўсур'ёз, але калі наступнае пакаленне пачало перабірацца з супольнасці ў асобныя дамы з газонамі, італьянская мова знікла з ужытку, а традыцыйныя святы страцілі былы сэнс — сітуацыя сапраўды змянілася. У 1971 годзе ў Розеце ўпершыню памёр ад інфаркту мужчына маладзейшы за 45 гадоў. А да канца дзесяцігоддзя смяротнасць зраўнялася з сярэдняй па краіне — хоць жыхары не пачалі горш харчавацца або менш рухацца.
Пра што нам кажа гэтая гісторыя? Напэўна пра тое, што часам важна не (толькі) тое, што мы кладзём сабе на талерку, але і тое, з кім мы за гэтай талеркай сядзім.