У Польшчу зноў уляцелі шары з Беларусі
1- 17.02.2026, 11:37
Рэжым Лукашэнкі працягвае гібрыдныя атакі на мяжы.
Гэтай ноччу польскія вайскоўцы зафіксавалі чарговае парушэнне паветранай прасторы метэашарамі з Беларусі.
Пра гэта паведаміла Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы.
У ноч на 17 лютага вайсковыя радыёлакацыйныя сістэмы зафіксавалі чарговыя ўлёты ў паветраную прастору Польшчы аб'ектаў, падобных да паветраных шароў, з боку Беларусі.
«Аб'екты пастаянна ідэнтыфікаваліся і знаходзіліся пад бесперапынным назіраннем вайсковых сістэм разведкі. Сітуацыя была кантралюемай і не ўяўляла пагрозы для бяспекі паветранага руху або грамадзян Рэспублікі Польшчы», — заявіла Аператыўнае камандаванне.
Зафіксаваныя інцыдэнты не адрозніваліся ад падзей, якія апошнім часам фіксуюць у раёне польска-беларускай мяжы, падкрэслілі вайскоўцы.
«Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы, дзейнічаючы ў адпаведнасці з дзеючымі працэдурамі, супрацоўнічае са службамі, адказнымі за бяспеку дзяржавы, аператыўна перадаючы неабходную інфармацыю для хуткага рэагавання — у прыватнасці, для перахопу аб'ектаў і затрымання асоб, падазраваных у датычнасці да гэтых інцыдэнтаў», — гаворыцца ў паведамленні.