Азербайджан асудзіў кіраўніка Нагорнага Карабаха
5- 17.02.2026, 16:04
- 7,444
На 20 гадоў турмы.
Ураджэнец Арменіі, «экс-дзяржміністр» Нагорнага Карабаха, 57-гадовы Рубен Варданян, прысуджаны ваенным судам у Баку да 20 гадоў турмы. Пра гэта ў аўторак, 17 лютага, паведаміў тэлеканал 1News.az.
Варданян абвінавачваўся па цэлым шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса Азербайджана, уключаючы фінансаванне тэрарызму, стварэнне незаконных узброеных фармаванняў, незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы, наўмыснае забойства, гвалтоўны захоп улады, а таксама арганізацыю ўзброеных груп, не прадугледжаных заканадаўствам.
Рубен Варданян віны не прызнаў і назваў працэс палітычным. Бок абвінавачання патрабаваў для яго пажыццёвае зняволенне.
Рубен Варданян раней быў уладальнікам інвестыцыйнай кампаніі «Тройка Дыялог», ён — адзін з сузаснавальнікаў бізнес-школы «Сколкава». Варданян уваходзіў у спіс самых багатых людзей Расіі паводле версіі часопіса Forbes.
У верасні 2022 года Варданян абвясціў пра адмову ад расійскага грамадзянства і пераезд у Нагорны Карабах. З лістапада 2022 года па люты 2023 года ён узначальваў «урад» непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі.
Памежная служба Азербайджана 27 верасня 2023 года затрымала Варданяна пры спробе выезду з Нагорнага Карабаха ў Арменію. З таго часу ён знаходзіцца пад арыштам у Баку.