У Крыме грамадзяніна Беларусі асудзілі за «шпіянаж» на карысць Украіны
- 23.04.2026, 16:50
- 2,660
Цяпер ён знаходзіцца ў калоніі ў Саратаўскай вобласці.
Грамадзяніна Беларусі Аляксея Тамашова асудзілі ў 2024 годзе за «шпіянаж» на карысць Украіны на 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Цяпер ён знаходзіцца ў калоніі № у горадзе Пугачоў Саратаўскай вобласці. Як паведамілі «Радыё Свабода» у Крымскацатарскім рэсурсным цэнтры, Аляксея доўгі час трымалі ў ШІЗА.
Мужчыну затрымалі 8 мая 2024 года, меркавана ў акупаваным Севастопалі, па падазрэнні ў перадачы ўкраінскім спецслужбам інфармацыі пра месцы дыслокацыі і перамяшчэнне падраздзяленняў, узбраення і спецыяльнай тэхнікі Узброеных Сіл Расіі, а таксама ў «неляяльным стаўленні да палітыкі Расіі». Прысуд вынес Севастопальскі суд.
Паводле дадзеных Крымскацатарскага рэсурснага цэнтра, пасля затрымання яму прызначылі амбулаторнае прымусовае назіранне і лячэнне ў псіхіятра, а ў прысудзе не было канкрэтных абвінавачанняў.
«Пастанавілі, што Аляксей мог перадаць, мог нашкодзіць і яшчэ шмат чаго «мог бы», за што, уласна, і пазбавілі чалавека свабоды», — адзначылі ў цэнтры.