Еўрасаюз упершыню ўвёў санкцыі супраць Кіргізстана
1- 23.04.2026, 22:16
- 2,120
За дапамогу Расіі.
Кіргізстан стаў першай рэспублікай былога СССР, якая трапіла пад еўрапейскія абмежавальныя меры за дапамогу Расіі. У межах 20-га пакета санкцый, які ЕС зацвердзіў у чацвер, супраць Кіргізстана быў ужыты механізм пакарання за абыход санкцый (anti-circumvention tool), які Брусель увёў летась.
Як вынікае з матэрыялаў Еўракамісіі, адныне ў Кіргізстан цалкам забаронены экспарт еўрапейскіх станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем (ЧПУ), а таксама тэлекамунікацыйнага абсталявання, уключаючы маршрутызатары і камутацыйную тэхніку.
Рашэнне прынята ў сувязі з тым, што «існуе высокая рызыка рээкспарту гэтай прадукцыі ў Расію», — падкрэслівае ЕК у прэс-рэлізе, дадаючы, што гандлёвыя даныя паказалі «істотны рост» паставак у РФ праз Кіргізстан высокапрыярытэтных тавараў.
Кіргізстан, які ўваходзіць у ЕАЭС і ў кіраваны Крамлём ваенны блок АДКБ, пасля пачатку вайны ва Украіне стаў адным з ключавых хабаў, праз якія ў Расію пастаўляліся падсанкцыйныя тавары з Еўропы.
Паводле падлікаў Brookings Institution, экспарт з Эстоніі ў Кіргізстан узляцеў на 10000%, з Фінляндыі — на 3100%, з Польшчы і Грэцыі — на 2200% і 2100% адпаведна, з Нарвегіі, Вялікабрытаніі, Германіі і Чэхіі — больш як на 1000%. Па сутнасці, «Кіргізстан стаў галоўным напрамкам еўрапейскага экспарту, які ўрэшце апынаўся ў Расіі», — пісаў эканаміст Brookings Institution Робін Брукс.
Таксама ў Кіргізстане летась запрацавала крыптабіржа Grinex, на якой адзінай гандлюемай валютай з'яўляецца прывязаны да рубля стэйблкоін A7A5. Запушчаны абаронным Прамсвязьбанкам і малдаўскім банкірам Іллём Шорам, A7A5 стаў інструментам для трансгранічных разлікаў ва ўмовах санкцый. На пачатак 2026 года яго абарот дасягнуў $100 млрд.
ЗАТ TengriCoin, зарэгістраванае ў Бішкеку, праз якое, паводле еўрапейскіх даных, ідзе гандаль стэйблкоінам, таксама ўключана ў «чорныя спісы» ЕС. Адначасова пад санкцыі трапілі два кіргізскія банкі — «Керемет Банк» і «Капітал Банк».
Таксама ў 20-ы пакет санкцый, які Еўрасаюз рыхтаваў з канца мінулага года, трапілі кампаніі з Казахстана, Кітая, Беларусі, Турцыі, Узбекістана і ААЭ. У «чорныя спісы» ЕС трапілі яшчэ 46 танкераў расійскага «ценявога флоту», 12 расійскіх НПЗ, даччыныя структуры «Газпрома» і «Роснефти», а таксама 20 банкаў, з якімі цяпер цалкам забароненыя любыя транзакцыі. Сярод іх — крэдытныя арганізацыі, што ўваходзяць у топ-50 у РФ па памеры актываў: Почта-Банк, Металлинвестбанк, «Русский стандарт», Уральскі банк рэканструкцыі і развіцця і «Вайлдбериз Банк».