Галоўная бухгалтарка з Магілёва пойдзе пад суд за крадзеж сотняў тысяч рублёў у кампаніі
2- 27.04.2026, 18:09
- 1,448
Яна афармляла плацежныя даручэнні і пералічвала грошы на ўласны разліковы рахунак.
У Магілёве перад судом паўстане 42-гадовая мясцовая жыхарка, якая працавала галоўнай бухгалтаркай у адной з камерцыйных арганізацый. Яе абвінавачваюць у крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры, паведамілі ў прэс-службе пракуратуры.
Следства лічыць, што схема дзейнічала са студзеня 2023 года па снежань 2025 года. Скарыстаўшыся доступам да фінансавых інструментаў прадпрыемства і ключом электроннага лічбавага подпісу, бухгалтарка афармляла плацежныя даручэнні і пералічвала грошы на ўласны разліковы рахунак.
Такім чынам яна неабгрунтавана налічвала сабе зарабітную плату, адпускныя, матэрыяльную дапамогу і іншыя выплаты. Агульная сума незаконна атрыманых сродкаў перавысіла 268 тысяч рублёў.
Паводле дадзеных следства, выкрадзеныя грошы жанчына траціла на азартныя гульні ў інтэрнэце. Згодна з заключэннем эксперта, у яе выяўленая паталагічная схільнасць да лудаманіі.
Частка шкоды ўжо кампенсаваная — прадпрыемству вярнута каля 83 тысяч рублёў.
На час папярэдняга следства абвінавачаную ўзялі пад варту. Гэта мера стрымання захавана і пасля перадачы справы ў суд.