2 чэрвеня 2026, aўторак, 18:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін у роспачы спрабуе вярнуць Арменію на сваю арбіту

7
Пуцін у роспачы спрабуе вярнуць Арменію на сваю арбіту

Ерэван гатовы зрабіць канчатковы выбар на карысць Захаду.

Расія рэзка актывізавала спробы ўплыву на парламенцкія выбары ў Арменіі, баючыся, што перамога прэм'ер-міністра Нікола Пашыняна канчаткова замацуе паварот краіны ў бок Захаду. Пра гэта Reuters паведамілі заходнія разведвальныя і ўрадавыя крыніцы (пераклад — сайт Charter97.org).

Паводле дадзеных агенцтва, Масква задзейнічала кампаніі дэзінфармацыі, падтрымку прарасійскіх кандыдатаў і нават абмяркоўвала схему дастаўкі дзясяткаў тысяч армянаў з Расіі для ўдзелу ў галасаванні 7 чэрвеня. Армяне за мяжой афіцыйна не маюць права галасаваць, аднак крыніцы сцвярджаюць, што Крэмль разглядаў магчымасць арганізаванага увозу выбарцаў авіяцыяй.

Паводле ацэнак заходніх чыноўнікаў, расійскія ўлады абмяркоўвалі транспарціроўку да 100 тысяч чалавек. Кошт аперацыі нібыта ацэньваўся прыкладна ў $50 млн. Крыніцы таксама паведамілі, што расійскім рэгіёнам былі накіраваныя квоты па колькасці патэнцыйных выбарцаў армянскага паходжання.

Арменія доўгі час заставалася адным з найбліжэйшых саюзнікаў Масквы на постсавецкай прасторы, аднак пасля канфлікту вакол Нагорнага Карабаху адносіны рэзка пагоршыліся. Пашынян паступова ўзмацніў супрацоўніцтва з ЕС і НАТА, а ў 2024 годзе Ерэван фактычна замарозіў удзел у узначаленым Расіяй вайсковым саюзе АДКБ.

Дадатковае раздражненне Масквы выклікала нядаўняе збліжэнне Арменіі з адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. На гэтым тыдні дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё наведаў Ерэван, дзе былі падпісаныя пагадненні аб супрацоўніцтве ў сферы карысных выкапняў і транспартнага калідора праз Арменію. Гэты маршрут павінен злучыць Еўропу і Цэнтральную Азію, знізіўшы залежнасць рэгіёна ад Расіі.

Па словах заходніх чыноўнікаў, Крэмль робіць стаўку на бізнесмена Самвела Карапецяна — армяна-расійскага мільярдэра, якога ў Арменіі абвінавачваюць у закліках да звяржэння ўлады. Сам Карапецян абвінавачанні адмаўляе.

Акрамя таго, крыніцы Reuters паведамілі пра маштабную анлайн-кампанію супраць Пашыняна. У ёй нібыта ўдзельнічаюць звязаныя з Крэмлём сеткі ботаў і расійскія паліттэхналагічныя структуры, якія раней фігуравалі ў расследаваннях аб умяшанні ў выбары ў Еўропе і ЗША.

На гэтым фоне ў Вашынгтоне і Еўропе расце занепакоенасць бяспекай самога Пашыняна. Паводле дадзеных Reuters, амерыканскія структуры, уключаючы ЦРУ, у апошнія гады дапамагалі ўзмацняць меры яго асабістай аховы на фоне пагроз і магчымых нападаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках