Брэсцчанін кінуўся з кулакамі на міліцыянера прама ў РАУС
2- 29.05.2026, 19:06
- 1,776
Інцыдэнт адбыўся пасля дастаўлення мужчыны ў аддзел міліцыі.
У Брэсце 48-гадовага мужчыну затрымалі за адміністрацыйнае правапарушэнне і даставілі ў РАУС. Там ён кінуўся з кулакамі на супрацоўніка міліцыі. Цяпер брэсцчаніну пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі, паведамілі ў УУС Брэсцкага аблвыканкама.
Нецвярозага брэсцчаніна за адміністрацыйнае правапарушэнне даставілі ў Маскоўскі РАУС Брэста. Што стала прычынай затрымання — не паведамляецца.
У міліцыі яго змясцілі ў «памяшканне для часовага ўтрымання асоб» з дзвярыма-рашоткамі. Судзячы па відэа, мужчына быў у незачыненай камеры і напаў на памочніка дзяжурнага, калі той падышоў з бутэлькай вады. Пасля махання кулакамі барацьба перамясцілася на падлогу, а на дапамогу паспяшалася спачатку супрацоўніца міліцыі, а потым і калега-мужчына.
Як відаць на відэа, затрыманы мужчына быў без абутку, а насупраць незачыненай камеры сядзеў хтосьці яшчэ.
У міліцыі паведамілі, што памочнік дзяжурнага атрымаў цялесныя пашкоджанні. Для ўціхамірвання парушальніка выкарыстоўвалі фізічную сілу і кайданкі.
У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу па арт. 364 КК. Санкцыя артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў.