Прасьба пакінуць дзяўчыну ў спакоі скончылася бойкай у мінскім метро
10- 14.06.2026, 14:35
- 4,654
17-гадовы хлопец праявіў рыцарскія якасці.
У Мінску вынеслі прысуд 28-гадоваму мужчыну, які ўчыніў бойку ў вагоне метро пасля няўдалай спробы пазнаёміцца з дзяўчынай. Як пішуць «Мінск-Навіны», пацярпеў 17-гадовы хлопец, які вырашыў за яе заступіцца.
Інцыдэнт адбыўся позна ўвечары ў адным з цягнікоў сталічнай падземкі. Як высветлілася ў судзе, незадоўга да гэтага мужчына выпіў каля паўлітра каньяку. У метро ён звярнуў увагу на дзяўчыну, якая ехала разам з падлеткам, і вырашыў завязаць знаёмства.
Аднак спадарожнік дзяўчыны папрасіў незнаёмца пакінуць іх у спакоі. Пасля гэтага паміж мужчынамі ўспыхнуў канфлікт.
Паводле звестак пракуратуры, агрэсар нанёс падлетку не менш за дзесяць удараў па галаве і руках. Ад аднаго з штуршкоў хлопец страціў раўнавагу і ўпаў. Але на гэтым напад не скончыўся.
Мужчына працягваў пагражаць непаўналетняму, сціскаў яму твар і вушы рукамі, а затым укусіў яго. Спыніць дэбашыра ўдалося толькі іншаму пасажыру, які выталкнуў яго з вагона на станцыі метро «Партызанская».
У дачыненні да мінчука ўзбудзілі крымінальную справу за хуліганства. У судзе ён цалкам прызнаў віну, раскаяўся і памірыўся з пацярпелым. Раней мужчына не быў судзімы і працаваў стропальшчыкам у прыватнай арганізацыі.
Суд прызнаў яго вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафу — 40 базавых велічынь, або 1800 рублёў.