Германія вярнула Польшчы культурныя каштоўнасці, скрадзеныя нацыстамі
- 17.06.2026, 19:10
Сярод перададзеных артэфактаў — сярэднявечны рукапіс, залаты пярсцёнак і мініяцюрныя мадэлі з варшаўскага музея.
Урад Германіі вярнуў Польшчы некалькі культурных каштоўнасцяў, скрадзеных у гады нямецкай акупацыі падчас Другой сусветнай вайны. Акт вяртання прадметаў культуры, прыурочаны да 35-годдзя Дагавора аб добрасуседстве, з’яўляецца «выяўленнем узаемнай павагі, нязменнай адказнасці Германіі і даверчага партнёрства», — заявіў у сераду, 17 чэрвеня, міністр замежных спраў ФРГ Ёган Вадэфуль на нямецка-польскім форуме ў Берліне, паведамляе DW.
Гэта падзея «яшчэ больш умацоўвае трывалыя сувязі паміж нашымі краінамі», — сказаў ён. «Памяць пра мінулае, адказнасць за будучыню і прымірэнне як задача для многіх пакаленняў працягваюць вызначаць нашы дзеянні сёння», — падкрэсліў Вадэфуль.
Сярод вернутых артэфактаў — сярэднявечны рукапіс, які змяшчае фрагмент гімна Gaude Mater Polonia і датуецца канцом XIV стагоддзя. Манускрыпт, што складаецца з шасці пергаментных аркушаў, невядомым чынам трапіў у Берлінскую дзяржаўную бібліятэку і захоўваўся там як аб’ект, які не належыць да фондаў бібліятэкі. Раней ён уваходзіў у збор духоўнай семінарыі ў польскім Плоцку, які быў разрабаваны і ў значнай ступені знішчаны падчас Другой сусветнай вайны.
Дзяржаўны міністр ФРГ па пытаннях культуры і сродкаў масавай інфармацыі Вольфрам Ваймер назваў гэты рукапіс «адным з найстаражытнейшых узораў рэлігійнай паэзіі» Польшчы. «Сённяшні акт вяртання — важны жэст прызнання гістарычнай несправядлівасці, — заявіў ён. — Такім чынам мы пішам новую старонку ў культуры памяці нашых краін».
Акрамя таго, Польшчы вернуты залаты пярсцёнак першай паловы XVI стагоддзя, які, верагодна, належаў польскаму каралю Жыгімонту I. Верагодна, упрыгожаны дыяментам пярсцёнак быў скрадзены нямецкімі войскамі з польскай калекцыі ў верасні 1939 года. Пазней ён апынуўся ў Германіі і з 1963 года захоўваўся ў Музеі ювелірнага мастацтва ў Пфорцгайме.
Міністэрства транспарту ФРГ перадало Варшаве 11 прадметаў з фондаў Федэральнага ведамства па кіраванні чыгуначнай маёмасцю, якія раней уваходзілі ў калекцыю Музея транспарту ў Варшаве. Ідзецца пра мініяцюрныя мадэлі чыгуначнай тэхнікі.
МЗС ФРГ адзначыў, што вяртанне культурных каштоўнасцяў, якія трапілі ў Германію падчас Другой сусветнай вайны, «значна актывізавалася» пасля нямецка-польскіх міжурадавых кансультацый у снежні 2025 года. Цяпер пытаннямі вяртання наступных каштоўнасцяў займаецца сумесная нямецка-польская працоўная група пад кіраўніцтвам МЗС ФРГ у супрацоўніцтве з міністэрствам культуры Польшчы.
У сумеснай заяве Вадэфуля і кіраўніка МЗС Польшчы Радослава Сікорскага Дагавор аб добрасуседстве і сяброўскім супрацоўніцтве называецца паваротным пунктам у адносінах дзвюх краін. «Гэты дагавор стаў не толькі важным элементам працэсу польска-нямецкага прымірэння пасля доўгіх перыядаў раз’яднанасці і недаверу, але і адпраўной кропкай для глыбокага, давернага супрацоўніцтва на ўсіх узроўнях нашых грамадстваў», — адзначылі міністры.
У заяве таксама адзначаюцца кардынальныя змены геапалітычных умоў за мінулыя дзесяцігоддзі, асабліва ў сувязі з паўнамаштабнай вайной РФ супраць Украіны. «Памятаючы пра трагічную гісторыю ХХ стагоддзя, мы нясём асаблівую адказнасць за наш рэгіён і наш кантынент — як саюзнікі па НАТА і партнёры па Еўрасаюзе. Агрэсыя Расіі супраць Украіны паставіла нас перад новымі палітычнымі рэаліямі. Наша рэакцыя на яе стала мерай нашай адказнасці і здольнасці дзейнічаць», — гаворыцца далей.
Паводле слоў міністраў, расійская агрэсія, асабліва гібрыдныя дзеянні і дэзінфармацыя, накіравана таксама супраць ФРГ і Польшчы. «Іх мэта — раскалоць нашы грамадствы, разбурыць грамадскі парадак і падарваць давер да дзяржавы і яе інстытутаў. Нас не запалохаць. Мы вынікова ўмацуем нашу ўстойлівасць і будзем весці асветніцкую працу ў нашых грамадствах», — падкрэслілі аўтары заявы.
Яны назвалі сваёй галоўнай мэтай «абарону еўрапейскіх каштоўнасцяў, уключна з вяршэнствам права і свабоднымі выбарамі, і ўрэшце дасягненне трывалага і справядлівага міру ў Украіне, які ўмацоўвае бяспеку Еўропы». «Мы сур’ёзна ставімся да ўрокаў гісторыі. Не дапусціць новай вайны — гэта не пустыя словы, а абавязак перад наступнымі пакаленнямі», — заявілі Вадэфуль і Сікорскі.
Нямецка-польская прэмія ўручана экс-паслу і прыгранічнаму цэнтру супрацоўніцтва
Абодва міністры замежных спраў уручылі ў межах форуму Нямецка-польскую прэмію польскаму дыпламату Янушу Райтеру, які ў 1990-я гады ўзначальваў пасольства Польшчы ў Берліне, і Цэнтру супрацоўніцтва Франкфурт-Слубіце. Прэмія ўручана за шматгадовы ўнёсак у развіццё нямецка-польскіх адносін.
«Нямецка-польскі Дагавор аб добрасуседстве служыць падмуркам нашых адносін і гісторыі поспеху Польшчы ў ЕС і НАТА. У асобе Януша Райтэра мы ўшаноўваем аднаго з ключавых архітэктараў гэтага дагавора. Адзначаючы Цэнтр супрацоўніцтва Франкфурт-Слубіце, мы аддаем належнае арганізацыі, якая дэманструе асаблівую самаадданасць і інавацыйны падыход да развіцця нямецка-польскага супрацоўніцтва ў прыгранічным рэгіёне», — заявіў сустаршыня журы Нямецка-польскай прэміі, дэпутат бундэстага Кнут Абрахам.