У расійскай Пензе ваенкамат пачаў аблаву на мужчын
6- 19.06.2026, 11:48
- 4,126
Іх прымушаюць падпісваць кантракты з Мінабаронай.
У расійскай Пензе адбываюцца масавыя аблавы на мужчын з удзелам супрацоўнікаў ваенкаматаў, піша «Медуза».
«Стаялі даішнікі, людзі ў балаклавах і супрацоўнікі ваенкамата. Правяралі на ваенны ўлік і шукалі прызыўнікаў-уцякачоў. Пытанні былі найперш да тых, хто калісьці атрымліваў павестку, але так і не з’явіўся ў ваенкамат. Ці затрымлівалі іх ці не — не ведаю. Асабіста затрыманняў не бачыў», — распавёў адзін з чытачоў «Говорит НеМосква».
Паводле слоў яшчэ аднаго суразмоўцы канала, у горадзе пачынаецца паніка, жыхары папярэджваюць адзін аднаго пра аблавы.
«У горадзе толькі і размовы, што пра аблавы. Мясцовыя СМІ маўчаць. Усе адзін аднаму тэлефануюць, папярэджваюць, каб не выпускалі мужыкоў на вуліцу. Касірка ў гандлёвым цэнтры пры мне крычала нейкаму хлопцу, які там жа працуе, каб сядзеў унутры і не выходзіў на вуліцу курыць, бо там карауляць [з ваенкамата]. Не ведаю, наколькі гэта праўда. Але паніка пачалася», — кажуць мясцовыя жыхары.
Жыхарка Пензы распавяла «Идите лесом», што ў горадзе «пагалоўна ўсіх хапаюць, спыняюць машыны, грамадскі транспарт». Паводле яе слоў, затрыманых мужчын «вязуць падпісваць кантракт».
Судзячы з паведамленняў у сацсетках і тэлеграм-каналах, аблавы адбываліся ў розных раёнах Пензы, а таксама ў некалькіх раённых цэнтрах — Каменцы і Кузнецку.
У сацсетках з’явілася відэа, на якім жанчыны пасля аблавы спрабуюць адбіць мужчын ад ваенкамата. «Медыязона» піша, што ролік зняты каля будынка ваенкамата Кастрычніцкага і Чыгуначнага раёнаў Пензы, відэа было апублікавана ў «ВКонтакте» 17 чэрвеня. «Не даюць нават пяць хвілін [каб развітацца], чаму вы не даяце?» — крычыць адна з жанчын. Аўтар відэа звяртаецца да мужчын, якія знаходзяцца ў мікрааўтобусе: «Хлопцы, скажыце, усе добраахвотна падпісалі кантракт?» Іншая жанчына крычыць: «Вас прымусілі, скажыце?» У пэўны момант мікрааўтобус спрабуе з’ехаць, але яго абступаюць жанчыны.
Раніцай 18 чэрвеня прэс-служба Росгвардыі па Пензенскай вобласці адрапартавала, што правяла «міжведамасны рэйд па выяўленні грамадзян, якія не сталі на ваенны ўлік». У ведамстве заявілі, што арганізавалі праверачныя пункты «на ключавых транспартных артэрыях горада», у кіроўцаў «уважліва правяралі дакументы, а таксама наяўнасць і сапраўднасць вайсковых білетаў або прызыўных пасведчанняў». Усяго Росгвардыя праверыла 80 кіроўцаў, дзевяць з іх, якія маюць грамадзянства РФ, не сталі на ваенны ўлік. Ім, як сцвярджаецца, уручылі афіцыйныя павесткі.
Мясцовае выданне «Сталіца 58» паведаміла, што ў ўрадзе Пензенскай вобласці адмаўляюць інфармацыю пра масавыя аблавы на мужчын. Пры гэтым крыніца выдання ў ўрадзе сама спасылаецца на крыніцы, «блізкія да сілавых структур». «Інфармацыя пра маштабныя праверкі ў горадзе не знаходзіць пацвярджэння. Усе падраздзяленні нясуць службу ў штатным рэжыме. Жыхарам рэкамендуюць захоўваць спакой і арыентавацца на паведамленні ад афіцыйных органаў», — сказаў суразмоўца выдання.