У Бабруйску мужчына ўгнаў Opel «проста пракаціцца»
- 2.06.2026, 13:49
Аўтамабіль знайшлі праз некалькі гадзін з пашкоджаным кузавам.
На пачатку мая жыхарка Бабруйска прыехала на працу і пакінула Opel на паркоўцы каля адміністрацыйнага будынка. Пасля заканчэння працоўнага дня жанчына выявіла, што аўтамабіля на месцы няма, і звярнулася ў міліцыю. Адзначаецца, што машына не была замкнёная, а ключ ляжаў у бардачку.
Праз некалькі гадзін зніклы аўтамабіль знайшлі прыкладна ў двух кіламетрах ад месца ўгону. Машыну вярнулі гаспадыні, але на кузаве былі выяўленыя пашкоджанні лакафарбавага пакрыцця.

Падчас агляду эксперты вылучылі адбіткі пальцаў, адзін з якіх належаў 32‑гадоваму мужчыну. Неўзабаве яго датычнасць да ўгону пацвердзіла экспертыза.

— У дачыненні да мужчыны ўзбуджана крымінальная справа. У ходзе следства ўстаноўлена, што зламыснік быў цвярозы, вадзіцельскіх прав ён не мае, але вырашыў проста пракаціцца на чужым аўто, — паведамляе ДКСЭ.