Расія трапіла ў «спіс ганьбы»
4- 23.06.2026, 7:37
- 4,428
Нароўні з ІДІЛ і «Аль-Каідай».
Расія ўжо чацвёрты год запар фігуруе ў спісе ААН дзяржаў і груповак, прычасных да грубых парушэнняў правоў дзяцей падчас узброеных канфліктаў. Такім чынам, агрэсар знаходзіцца ў адным спісе з ІДІЛ, «Аль-Каідай» і ХАМАС.
Пра гэта заявіў пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Андрэй Мельнік на чарговым пасяджэнні Савета Бяспекі арганізацыі, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на трансляцыю.
Мельнік заявіў, што такім чынам Расія ўваходзіць у «эксклюзіўны клуб забойцаў дзяцей» і вінаватых у сэксуальным гвалце, звязаным з узброенымі канфліктамі.
Таму пастаянны прадстаўнік Украіны заклікаў адстараніць РФ ад удзелу ў міратворчых аперацыях Арганізацыі.
«Ці адчуваеце вы сябе камфортна, седзячы за адным сталом з дзяржавай-членам, чые ўзброеныя сілы нясуць адказнасць за пацверджаныя шырокамаштабныя і сістэматычныя ваенныя злачынствы супраць дзяцей, а таксама за злачынствы сэксуальнага гвалту? Я — не. Мне гэта агідна», — сказаў дыпламат.
Мельнік таксама спаслаўся на апошні даклад генеральнага сакратара ААН, згодна з якім колькасць забітых і параненых украінскіх дзяцей у выніку дзеянняў расійскіх войскаў вырасла на 78%.
Акрамя таго, амаль удвая павялічылася колькасць нападаў на школы і бальніцы, а выпадкі перашкоджання ў аказанні гуманітарнай дапамогі ўзраслі больш чым у восем разоў.
Паводле дадзеных ААН, толькі летась расійская армія і звязаныя з ёй фарміраванні здзейснілі 1899 пацверджаных грубых парушэнняў правоў дзяцей ва Украіне. У сувязі з гэтым генеральны сакратар ААН зноў уключыў расійскія сілы ў так званы «спіс ганьбы».