Лекар распавёў, хто ў Беларусі хварэе на адзёр
- 23.06.2026, 17:44
Прыкладна палова выпадкаў адзёру ў 2025 годзе была звязаная з завозам інфекцыі з-за мяжы.
Каля 50% людзей, якія захварэлі на адзёр у 2025 годзе ў Беларусі, не былі прышчэпленыя супраць гэтай інфекцыі і не мелі пацвярджання наяўнасці абаронных антыцелаў. Пра гэта паведаміў загадчык аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кірыл Ігнатаў.
Паводле слоў Кірыла Ігнатава, сітуацыя з інфекцыйнымі захворваннямі ў краіне застаецца кантралюемай дзякуючы вакцынацыі. У 2025 годзе ў Беларусі не рэгістраваліся выпадкі дыфтэрыі, краснухі і слупняка. Выпадкі адзёру фіксаваліся, але іх колькасць была ў 12 разоў меншая, чым у 2024 годзе.
Прыкладна палова выпадкаў адзёру ў 2025 годзе была звязаная з завозам інфекцыі з-за мяжы. Часцей за ўсё хварэлі дарослыя ва ўзросце ад 30 да 49 гадоў — на іх прыпадала каля паловы ўсіх захварэлых.
За першыя пяць месяцаў 2026 года выпадкі адзёру былі зарэгістраваныя ў Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях. Як і летась, каля паловы захварэлых не мелі пацвярджання праведзенай вакцынацыі.
Спецыялісты падкрэсліваюць, што вакцынацыя застаецца адным з найбольш эфектыўных спосабаў прафілактыкі інфекцыйных захворванняў. Усе прышчэпкі, уключаныя ў нацыянальны каляндар вакцынацыі, прызначаныя для абароны насельніцтва як унутры краіны, так і падчас паездак за мяжу.