Аўтары хіта-мільённіка «August» рыхтуюць дэбютны беларускамоўны альбом
- 25.06.2026, 17:59
Гурт Intelligency дапрацоўвае новы альбом.
Ён будзе не толькі першым поўнафарматным за чатыры гады, але і першым беларускамоўным у іх дыскаграфіі, піша «Наша Ніва».
«Мы пішам музыку ўжо 12 гадоў, спрабавалі граць яе ў многіх гарадах свету, але ніколі не задумваліся пра тое, каб наша творчасць перадусім была патрэбная тут [у Беларусі]. Таму мы вырашылі запісаць вялікі альбом на беларускай мове, — падзяліліся музыкі. — 12 гадоў пісаць музыку дзеля таго, каб нарэшце прыйсці да самога сябе. У нас ёсць хіт «August», у нас ёсць іншыя песні-мільённікі, але чаго гэта ўсё варта ў нашы часы? Наш наступны альбом — асаблівы, на беларускай мове, для нашых людзей і проста для ўсіх добрых людзей. Няхай будзе свята музыкі».
На гэты момант вядомыя толькі назвы трэкаў будучай пласцінкі — «Мінск», «Камяні», «Таямніца», «Мара», «Каханне». А таксама — некаторыя ўрыўкі з трэкаў. Вось, напрыклад, некалькі такіх фрагментаў.
Аўтары абяцаюць у тэкстах шмат «пасхалак» і чыста беларускіх выразаў кшталту «кінь дурное».
Акрамя таго, музыкі ўжо прэзентавалі кліп на песню «Таямніца», у якім яны разам з акцёрамі тапчуць нагамі гразь, танцуючы на беларускім полі, а пасля ядуць халаднік, агуркі, дранікі і печаную бульбу з малаком. Пры гэтым усё знята ў вельмі рэйвавым вайбе.