Аналітыкі Morningstar ацанілі SpaceX удвая ніжэй за жаданую суму на IPO
- 3.06.2026, 1:19
У $780 млрд.
Аналітыкі Morningstar ацанілі SpaceX у $780 млрд, піша Reuters. Гэта ўдвая ніжэй за мэтавую капіталізацыю ў $1,75 трлн, якую кампанія Ілона Маска плануе атрымаць падчас IPO. Прагноз апублікаваны перад роуд-шоу, запланаваным на 4 чэрвеня. Акцыі SpaceX павінны дэбютаваць на NASDAQ 12 чэрвеня.
Morningstar выказала сумневы ў перспектывах ШІ-бізнесу SpaceX, уключаючы xAI і сацыяльную сетку X, з-за нявызначанай эканомікі і канкурэнцыі з OpenAI і Anthropic. «Мы не лічым Grok адной з вядучых ШІ-лабараторый сёння», — заявіў аналітык Morningstar Equity Нікалас Оўэнс, каментуючы чат-бот xAI. Ён таксама папярэдзіў, што будучыня сегмента ШІ залежыць ад неправерыных тэхналогій, такіх як арбітальныя цэнтры апрацоўкі дадзеных. Бізнес кампаніі Starlink, якая займаецца спадарожнікавай шырокапалоснай сувяззю, таксама сутыкаецца з тэхналагічнымі перашкодамі, многія з якіх могуць быць па-за кантролем кампаніі.
«Лічым, кампанія істотна пераацэненая, і ў інвестараў будуць магчымасці купіць акцыі па больш прывабных узроўнях пасля IPO», — дадаў Оўэнс. Пры гэтым аналітыкі Morningstar прызнаюць, што ў бліжэйшай перспектыве акцыі могуць вырасці дзякуючы невялікаму аб'ёму размяшчэння і моцнаму складу буйных інвестыцыйных банкаў, якія ўваходзяць у лік андэрайтараў IPO SpaceX (Goldman Sachs, Morgan Stanley, BofA Securities, Citigroup, JPMorgan).
На думку Оўэнса, доўгатэрміновыя інвестары, якія жадаюць удзельнічаць у будучых пачынаннях SpaceX, атрымаюць такую магчымасць ужо пасля IPO.
На фоне ажыятажу вакол IPO інвестары ўклалі $14 млрд у фонды, якія маюць долю ў SpaceX, піша Financial Times са спасылкай на Morningstar. Гаворка пра тры ўзаемныя фонды і чатыры ETF. Запуск новых прадуктаў працягваецца: пададзеныя заяўкі як мінімум на 14 ETF, якія прапануюць стаўку на акцыі SpaceX пасля лістынгу. Ажыятаж выклікае занепакоенасць у некаторых удзельнікаў рынку.
SpaceX падала дакументы ў SEC 20 мая, паперы плануюць размясціць на NASDAQ пад тікерам SPCX. За першы квартал 2026 года кампанія атрымала чыстую страту ў памеры $4,3 млрд, пры гэтым гадавая выручка вырасла на 33%, да $18,6 млрд. У красавіку Bloomberg паведамляў пра ацэнку вышэй за $2 трлн, але да канца мая чаканні панізілі да $1,8 трлн. SpaceX плануе прыцягнуць да $75 млрд, што можа зрабіць яе IPO найбуйнейшым у гісторыі. Апошні раз кампанія ацэньвалася ў $1,53 трлн праз платформу Forge Global.