Смаленск зноў нагадаў пра свае беларускія карані
1- 18.07.2026, 16:04
- 1,642
У горадзе знайшлі школьны дакумент, цалкам аформлены па-беларуску.
Жыхарка Смаленска апублікавала школьны дакумент свайго мужа за 1994 год, надрукаваны па-беларуску. Знаходка сабрала сотні каментарыяў, у якіх спрачаюцца пра гістарычную прыналежнасць горада.
Карыстальніца платформы Threads пад нікам lkolokolchikova падзялілася фатаграфіяй школьнага табеля («Звесткі аб паспяховасці і паводзінах вучня») свайго мужа за 1994/1995 навучальны год. Пікантнасць сітуацыі ў тым, што жыхар расійскага Смаленска вучыўся па дакуменце, створаным для беларускіх школ і аформленым па-беларуску.
«Спачатку кажуць, што Смаленск — не Беларусь, а потым я знаходжу дзённік мужа…» — падпісала фота аўтарка.
На бланку выразна бачныя надрукаваныя, але не выкарыстаныя графы «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура». Прадметы, якія былі ў расійскай школе, ад рукі запісаныя па-руску побач з беларускімі друкаванымі назвамі.
Яшчэ адна характэрная дэталь дакумента — наяўнасць прадмета «Асновы Савецкай дзяржавы і права». Гэта сведчыць, што бланкі былі надрукаваныя яшчэ да распаду СССР і некалькі гадоў ляжалі на складах, пакуль у сярэдзіне 90-х іх не павезлі прадаваць у суседнюю Расію.
Трэд сабраў сотні каментарыяў, падзяліўшы аўдыторыю на два непрымірымыя лагеры — беларускі і расійскі.
Беларускія карыстальнікі выкарысталі фота як нагоду нагадаць пра гістарычныя і культурныя сувязі Смаленска з Беларуссю. Менавіта ў Смаленску 1 студзеня 1919 года была абвешчана БССР, і горад быў яе першай сталіцай.
«У 1855 годзе перапіс — 51 працэнт насельніцтва — беларусы… Русіфікацыя відавочная»; «Назва горада падобная да беларускіх: Мінск, Віцебск, Смаленск… Архітэктура сабораў і касцёлаў зусім не ўласцівая рускай».
Сама аўтарка трэда адзначае, што шоры з яе вачэй наконт беларускасці Смаленшчыны спалі толькі пасля эміграцыі:
«Я да пераезду ў Варшаву думала, што мае бабулі размаўлялі «па-вясковаму», а цяпер разумею, што ў цэлым гэта была або беларуская мова, або нешта кшталту трасянкі».
Насміхаліся каментатары і з расійскіх настаўнікаў, якія не змаглі перакласці з беларускай мовы базавыя прадметы кшталту «Выяўленчае мастацтва» або «Чарчэнне», запісаўшы побач «Физкульт» і «Изо» адпаведна.
«Мінімум трое дарослых правалілі найпрасцейшае заданне — запоўніць пару радкоў у дзённіку», — пажартаваў адзін з каментатараў.
З другога боку, расійскія карыстальнікі негатыўна рэагавалі на беларускія каментарыі.
«Спачатку кажуць: Смаленск — гэта Беларусь, потым здзіўляюцца прыезду санітараў».
«Я дзеля жартаў у 7 класе прывезла дзённік на малдаўскай мове ад сястры з Прыднястроўя і па ім вучылася. Дык што, цяпер Смаленск — гэта Малдова? Адкуль вы такія берацеся, каструлі».
«Сшыткі з надпісам «Зошит» у Чалябінску не сведчаць пра тое, што Чалябінск — гэта Украіна».
Татальны дэфіцыт і беларускія «чоўначнікі»
Сапраўдная прычына з’яўлення беларускага дзённіка ў расійскай школе, вядома, эканамічная. У першай палове 1990-х гадоў Смаленская вобласць апынулася ў глыбокім сацыяльна-эканамічным крызісе з татальным дэфіцытам тавараў шырокага спажывання.
У гэтых умовах ратаваннем для расійскага памежжа стаў стыхійны чоўначны гандаль з суседніх краін. Дробныя гандляры везлі ў Смаленск усё, што маглі набыць: ад прадуктаў да таннай канцылярыі, у тым ліку тыя самыя старыя савецкія бланкі табеляў, надрукаваныя ў Беларусі.
«У тыя гады ў Смаленску ўсё прадавалі з Беларусі, відаць, і дзённікі таксама. На электрычках ездзілі, вазілі алей, згушчонку, усё запар», — узгадвае адна з каментатаркаў. «Дзённікаў проста не было ў 90-я: прывезлі — прадалі, вось і атрымалася так», — пацвердзіла сама аўтарка трэда.
Сёння беларускія тавары па-ранейшаму займаюць значную частку смаленскіх прылаўкаў, а мясцовыя ўлады нават здаюць землі ў арэнду беларускім фермерам праз слабое развіццё ўласнай сельскай гаспадаркі.