21 лiпеня 2026, aўторак, 7:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ЕС забаранілі знішчаць непрададзенае адзенне і абутак

5
У ЕС забаранілі знішчаць непрададзенае адзенне і абутак

Забарона можа прынесці карысць спажыўцам.

Буйныя кампаніі ў Еўрасаюзе больш не змогуць знішчаць непрададзенае або вернутае ў крамы адзенне і абутак. Замест гэтага прадукцыя павінна быць паўторна выкарыстана, перададзена на дабрачыннасць або перапрацавана. Новыя правілы ў межах дырэктывы ЕС — Рэгламенту аб экадызайне (ESPR) — уступілі ў сілу ў нядзелю, 19 ліпеня, перадае Deutsche Welle.

Выключэнні прадугледжаныя толькі калі тавар не можа быць паўторна выкарыстаны з меркаванняў бяспекі, пашкоджаны, забруджаны, а таксама не падлягае перапрацоўцы.

Акрамя таго, дазваляецца знішчаць тавары, прапанаваныя дабрачынным арганізацыям у ЕС, але не прынятыя ў вызначаны тэрмін.

На думку Нямецкага аб’яднання рознічнага гандлю (HDE), забарона можа прынесці карысць спажыўцам. Так, можа павялічыцца прапанова тавараў са зніжкамі, напрыклад праз аўтлеты або каналы продажу патрыманых тавараў.

Паводле дадзеных Еўракамісіі, толькі ў працэсе ўтылізацыі выкіды парніковых газаў дасягаюць 5,6 млн тон CO₂ у год — гэта прыкладна адпавядае штогадоваму аб’ёму выкідаў 2–3 млн аўтамабіляў.

Мэта ў тым, каб прадукцыя даўжэй заставалася ў абароце і не выкідалася заўчасна.

Штогод у ЕС на звалкі трапляюць мільёны адзінак такіх тавараў. Толькі ў Германіі ў 2021 годзе было ўтылізавана каля 17 млн вернутых прадметаў адзення. Паводле Еўрапейскага агенцтва па навакольным асяроддзі (EEA), штогод у Еўропе на звалкі трапляе да 600 000 тон ненасінага тэкстылю. Гэта вядзе да марнавання рэсурсаў і наносіць велізарную шкоду навакольнаму асяроддзю і клімату.

Правілы, што ўступаюць у сілу, з’яўляюцца часткай больш шырокай стратэгіі, накіраванай на тое, каб зрабіць многія тавары ў ЕС больш даўгавечнымі, прыдатнымі да рамонту і паўторнага выкарыстання, і тым самым скараціць выкіды CO₂.

У той жа час Нямецкае аб’яднанне тэкстылю і моды крытыкуе новыя нормы за тое, што яны не ўлічваюць рэальнасць, ствараюць бюракратычныя перашкоды для прамысловасці і нават не спрабуюць вырашаць праблемы, звязаныя з Fast Fashion (хуткай зменай модных калекцый. — Рэд.).

Для забеспячэння лепшых экалагічных стандартаў патрэбныя эфектыўныя сістэмы збору, сартавання і перапрацоўкі тавараў, патлумачыў эксперт Ёнас Штракэ (Jonas Stracke). Паводле яго слоў, пакуль гэтыя ўмовы адсутнічаюць, забарона на ўтылізацыю так і будзе заставацца «папяровым тыграм». «На жаль, на практыцы яна (закон. — Рэд.) не ўносіць рэальнага ўкладу ў цыркулярную эканоміку», — перакананы спецыяліст.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках