24 лiпеня 2026, Пятніца, 16:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ностальгічнае пытанне беларуса выклікала ажыятаж у папулярнай сацсетцы

5
Ностальгічнае пытанне беларуса выклікала ажыятаж у папулярнай сацсетцы

Допіс сабраў сотні каментарыяў.

Беларус запусціў мілае віруснае абмеркаванне ў Threads, проста пацікавіўшыся ў карыстальнікаў сацсеткі, якія клічкі давалі каровам у іх вёсках. Як высветлілася, у нашых вёсках жылі (а можа, дагэтуль недзе шчыплюць траву) не толькі Зоркі і Бурэнкі, але нават Гав’ета, Сцюардэса, Рыджына, Ракел і Луіза, піша «Зеркало».

«Беларусы, раптам стала вельмі цікава: а якія імёны былі ў кароў у вашай вёсцы?» — напісаў 22 ліпеня карыстальнік iaygen.

Менш чым за суткі публікацыя сабрала больш за 33 тысячы праглядаў і звыш 490 каментарыяў. Найчасцей карыстальнікі называлі клічкі: Зорка, Зорька, Рагуля, Жучка.

«Ганаруся, у свякрові была Сцюардэса», — напісала bystrovkina.

«У маёй бабулі была Пралеска. Рыжая карова з найпрыгажэйшымі блакітнымі вачыма. З таго часу мінула больш за 40 гадоў, а я яе памятаю, якая яна была», — адзначылася solon.natalia.

«У нас была спачатку Пчолка, а потым Муха», — распавяла katenka_bel.

«Зорка — гэта ўжо нецікава. У дзеда была Звяздоня», — падзялілася riitat.

Як высветлілася, вялікі ўплыў на выбар імёнаў для беларускіх кароў аказалі замежныя серыялы, якія ў той час паказвалі па тэлебачанні.

«Малышка і Рабіна. А яшчэ былі баран Алаур і Бэта (уплыў мексіканскіх серыялаў)», — успомніла berashevich.natalia.

Родныя іншай карыстальніцы назвалі сваіх бурэнак у гонар гераінь бразільскага серыяла «Сакрэт трапіканы»: Ракел і Рут.

«Імёны ўсіх жывёл былі з серыялаў на ОРТ. Рыджына, напрыклад (ад «Риджина»). Акрамя пса і каня. Пса чамусьці звалі Букет, а каня — Буш, у гонар прэзідэнта Злучаных Штатаў», — падзяліўся le.kovi.

«Рабіна, Белка, Галка, Красуля, Малюта, Зорка, Маліна, Тарпеда, Роза (уплыў мексіканскіх серыялаў, дзякуй, не Ізаўра)», — далучыўся да абмеркавання cihraby.

«У суседзяў быў бык Луіс Альберта (па матывах серыяла)», — распавяла kocegarova.

Паводле звестак Белстата, на 1 студзеня 2026 года ў краіне налічвалася 4 млн галоў буйной рагатай жывёлы. Пераважная большасць з іх (98,2%) утрымлівалася ў сельскагаспадарчых арганізацыях.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках