У абаронным банку Пуціна заявілі пра магчымую блакіроўку крыптавалютных актываў расіян
1- 10.08.2026, 10:11
- 1,116
Прэцэдэнты ўжо існуюць.
Расіяне могуць сутыкнуцца з блакіроўкай актываў у адной з самых папулярных крыптавалют — стэйблкоіне USDT, заявіў кіраўнік апорнага для расійскага ваенна-прамысловага комплексу банка ПСБ Пётр Фрадкоў. Паводле ягоных слоў, кампанія Tether Limited захоўвае поўны кантроль над выпушчанымі USDT і можа «замарожваць» сродкі на рахунках не толькі ў уладальнікаў, звязаных з супрацьпраўнай дзейнасцю, але і «проста па ўказанні адміністрацыі ЗША». «На жаль, такія прэцэдэнты ўжо існуюць. Такія механізмы ўжо прымяняліся. У тым ліку ў апошнія гады блакіраваліся буйныя актывы ўладальнікаў з Ірана і Расіі», — сказаў Фрадкоў у інтэрв’ю РБК.
Кіраўнік ПСБ адзначыў, што кампанія, якая выпускае USDT, з’яўляецца адным з найбуйнейшых трымальнікаў аблігацый Казначэйства ЗША. Гэта, паводле яго слоў, азначае, што базавая залежнасць ад долара і амерыканскага даўгавога рынку «нікуды не знікае». «Тут не павінна быць ніякіх ілюзій: тэхналогія, так, змянілася, але залежнасць застаецца. Гэта паказвае, што нават сучасны лічбавы інструмент можа заставацца цалкам кіраваным з боку эмітэнта. Таму пытанне ў тым, хто кантралюе інфраструктуру яго звароту», — патлумачыў Фрадкоў.
Ён дадаў, што менавіта таму ў ПСБ вырашылі развіваць уласныя лічбавыя фінансавыя інструменты і разліковую інфраструктуру. У прыватнасці, банк з’яўляецца саўладальнікам кампаніі А7, якая з 2025 года выпускае прывязаны да рубля стэйблкоін А7А5. Паводле заяў Фрадкова, абарот аперацый з ім дасягнуў амаль $140 млрд, а платформа праводзіць да 2 тыс. плацяжоў у суткі. «Жыццё працягваецца. Людзі ездзяць адпачываць, людзі лечацца, людзі аплачваюць навучанне», — адзначыў кіраўнік ПСБ.
Да гэтага Financial Times параўнала працу А7 з «гульнёй у Манаполію» з-за вэксаляў, прывязаных да крыптавалюты, якія можна абмяняць на рублі або замежную валюту ў офісах кампаніі ў Расіі і за мяжой. У красавіку 2026 года крыптабіржа Grinex, на якой таргуецца крыптавалюта А7А5, абвясціла пра «маштабную кібератаку» і страту больш за 1 млрд руб.
У 2025 годзе расійская крыптабіржа Garantex сутыкнулася з блакіроўкай кашалькоў кампаніяй Tether на агульную суму больш за 2,5 млрд руб. Прадстаўнікі біржы адзначалі, што ўсе токены USDT, якія захоўваюцца на расійскіх кашальках, знаходзяцца пад пагрозай. Перад блакіроўкай Еўрасаюз увёў санкцыі супраць Garantex з-за цесных сувязяў з расійскімі банкамі з «чорнага спісу».