10 жнiўня 2026, панядзелак, 11:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Нясвіжы прадаюць унікальную сядзібу польскіх чыноўнікаў

1
У Нясвіжы прадаюць унікальную сядзібу польскіх чыноўнікаў

За помнік архітэктуры цяпер просяць удвая менш.

У Нясвіжы выстаўлены на продаж будынак з падвалам па вуліцы Сыракомлі, 21. Таргі прызначаныя на 28 жніўня, пра гэта паведамляе Беларуская ўніверсальная таварная біржа. Пачатковы кошт лота складае крыху больш за 170 тысяч рублёў. Яшчэ ў маі гэтага года мясцовыя ўлады спрабавалі прадаць гэты ж аб'ект за 341 тысячу, аднак пакупнікоў на гістарычную нерухомасць тады не знайшлося. Цяпер цану знізілі роўна напалову.

У аўкцыённых дакументах лот празаічна называецца «зданнем зубапратэзнай», паколькі менавіта такую функцыю ён выконваў у часы, калі належаў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бальніцы. Але яго архітэктура відавочна сведчыць пра больш цікавую гісторыю — гэта адзін з дамоў былой «чыноўніцкай калоніі» — спецыяльнага пасёлка для дзяржаўных служачых, які цяпер унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

У 1920-я гады Нясвіж стаў павятовым цэнтрам Навагрудскага ваяводства Польскай Рэспублікі. Каб заахвоціць чыноўнікаў з цэнтральных польскіх рэгіёнаў пераязджаць на так званыя «ўсходнія крэсы», то бок на беларускія і ўкраінскія землі, улады ініцыявалі маштабную праграму будаўніцтва элітнага жылля. Грошы на гэта выдзяляла непасрэдна Міністэрства фінансаў, а работамі кіравала Міністэрства грамадскіх работ. Падобныя ўрадавыя кварталы, пабудаваныя паводле найвышэйшых тагачасных стандартаў урбаністыкі, з развітай інфраструктурай і зялёнымі садамі, узніклі ў Брэсце, Баранавічах, Стоўбцах, Браславе і Навагрудку.

Нясвіжская калонія будавалася на тэрыторыі былога фальварка Зарэчча. Да стварэння гэтага ансамбля прыклалі руку адразу двое выбітных варшаўскіх архітэктараў таго часу — Ежы Бейль і Тэадор Буршэ.

Паводле матэрыялаў Міністэрства грамадскіх работ Другой Рэчы Паспалітай, архітэктар Ежы Бейль праектаваў калоніі ў Слоніме і Бельску-Падляскім. А стварэнне ўрадавага квартала ў Нясвіжы даручылі Тэадору Буршэ. Разам з інжынерам Юзафам Крупам ён распрацаваў генеральны план элітнага пасёлка, які меў складацца з 15 цагляных дамоў, і кіраваў усім нясвіжскім будаўніцтвам.

Праўда, галоўны будынак нясвіжскай калоніі — Дом старасты быў узведзены паводле тыпавога праекта Бейля, а два бакавыя, адзін з якіх выстаўлены на аўкцыён, якраз пабудаваны паводле асабістага праекта Буршэ. Астатнія будынкі так і не былі ўзведзены, праект не завяршылі праз недахоп сродкаў.

Тым не менш, прафесійныя крытыкі таго часу на старонках выдання «Sztuki Piękne» адзначалі, што нясвіжскія дамы ідэальна гарманіравалі з мясцовым пейзажам і мелі «проста-такі камфортнае» (wprost komfortowe) унутранае аздабленне.

Дом, што цяпер выстаўлены на аўкцыён, паўднёвы з трох, быў разлічаны на дзве сем'і. Дом немалы — сёння яго плошча ацэньваецца больш як 270 квадратных метраў.

Асоба самога Тэадора Буршэ вартая асобнай увагі. Этнічны немец па паходжанні (ягонае прозвішча пісалася як Bursche), пасля Першай сусветнай вайны ён наўмысна змяніў напісанне на польскі лад (Bursze), каб падкрэсліць сваю нацыянальную ідэнтычнасць.

Акрамя праектавання жылых кварталаў для чыноўнікаў на ўсходзе, Буршэ пазней кіраваў рэстаўрацыяй замка ў Міры і праводзіў перабудовы ў самым Нясвіжскім замку Радзівілаў.

Для нясвіжскай калоніі архітэктар выбраў так званы «сядзібны стыль» (styl dworkowy), або міжваенны рамантызм. Гэты архітэктурны напрамак быў надзвычай папулярны ў Другой Рэчы Паспалітай.

Яго галоўная ідэя палягала ў тым, каб візуальна апраўдваць і ўкараняць польскую прысутнасць на далучаных землях праз зварот да вобразаў традыцыйнага шляхецкага гнязда. Высокія ламаныя дахі, калоны, ганкі і ўтульныя прапорцыі павінны былі нагадваць пра часы Рэчы Паспалітай і ствараць адчуванне гістарычнай пераемнасці.

У бязжыццёвых апісаннях лотаў не толькі няма нічога пра гістарычнае і архітэктурнае значэнне, аўтараў і стыль, але нават дата пабудовы пададзена памылкова. Дом называюць будынкам пабудовы 1935 года, але ён быў збудаваны раней — у перыяд з 1924 па 1926 гады.

Новы ўласнік павінен будзе падпісаць ахоўнае абавязацельства, на працягу трох месяцаў звярнуцца ў Міністэрства культуры па дазвол на навукова-даследчыя працы і цалкам завяршыць рэканструкцыю за тры гады.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках