Абсурдная ракіроўка Лукашэнкі
2- Андрэй Бранішэўскі
- 27.08.2026, 16:14
- 1,864
За стан беларускай арміі робіцца трошкі трывожна.
Вялікая ракіроўка, калі вайсковых адправілі ў армію, а аграрыяў у палі была не дарма. Вайскоўцы, праўда, знішчальнай перамогі над ураджаем не дасягнулі. Затое аграрыі змаглі сябе праявіць. Паводле слоў Лукашэнкі, дармаеды, якіх ён загадаў адправіць у войскі, паказалі прыклад выдатнай баявой падрыхтоўкі. За стан беларускай арміі робіцца трошкі трывожна.
«Твары светлыя, працуюць, выконваюць усё, што афіцэр скажа. Ды ніякіх прэтэнзій. Яны зямлянкі вырылі лепш, чым у Мінску кватэры абсталявалі. Вось табе і п'яніцы, такія-сякія», — уміляўся Лукашэнка на нарадзе ў чацвер.
Ну і як было не ўміляцца? Бо чым больш Лукашэнка спрабаваў растлумачыць народу сэнс сваёй ідэі вялікай ракіроўкі, тым больш абсурднай гэтая ідэя выглядала. А Лукашэнку ж крыўдна.
«Некаторыя так — «хі-хі, ха-ха» — успрынялі, калі я сказаў на селектарнай нарадзе нядбайных, алкашаў і іншых, хто не жадае працаваць на зямлі падчас уборкі ўраджаю, — на фронт», — пакрыўдзіўся Лукашэнка.
Прычым, судзячы з вынікаў, ідэя не знайшла захопленай падтрымкі нават сярод яго ўласных чыноўнікаў. Як сказаў Лукашэнка, ён разлічваў адправіць на перавыхаванне тысячы. Аднак у выніку на ўсю краіну набралася ўсяго 500 чалавек.
Бо чыноўнік таксама, можна сказаць, чалавек. Чыноўнік не хоча ў турму. Чыноўнік разумее, што сёння ён адправіць людзей у войска, а заўтра з яго спытаюць за недабіты ўраджай. Бо калі масава адправіць нядбайных работнікаў у войска, то біцца з ураджаем будзе няма каму.
Таму дзяржаўны апарат імітаваў бурную дзейнасць і наскрэб па ўсёй краіне некалькі соцень чалавек, якіх не шкада. І раптам тыя, каго не шкада, аказаліся выдатнікамі баявой і палітычнай падрыхтоўкі. Па крайняй меры, у падачы Лукашэнкі.
«Нармальныя мужыкі. Прайшлі перападрыхтоўку. Я кажу: «Усім зброю, як вайсковым. Пераапрануць, пагаліць, падстрыгчы. І туды». Баявое зладжванне, усё зрабілі па апошніх стандартах. Мабільныя групы, тактычныя групы», — захапляўся ён.
Таму 170 лепшых дармаедскіх байцоў Лукашэнка загадаў адправіць на самы напружаны ўчастак. То-бок на абарону беларуска-ўкраінскай мяжы.
«Усё, што трэба нам для абароны мяжы. Мы ж не ваюем ва Украіне, а мяжу абараняць трэба».
І атрымліваецца, што ўвесь расхвалены спецназ беларускіх ССА можа замяніць просты вясковы дармаед пасля пары тыдняў вайсковай падрыхтоўкі. Увогуле, за стан беларускай арміі робіцца неяк трывожна.
Андрэй Бранішэўскі, planbmedia.io