Арменія канчаткова развітваецца з Расіяй
- 27.08.2026, 18:27
- 1,184
Ерэван больш не лічыць РФ «стратэгічным партнёрам».
У зацверджанай праграме ўрада Арменіі на 2026–2031 гады РФ як стратэгічны саюзнік не згадваецца.
Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян, паведамляе Arka News Agency.
Пасля падзей верасня 2022 года і невыканання Арганізацыяй Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) і Расіяй абавязацельстваў у сферы бяспекі цяжка гаварыць пра стратэгічнае партнёрства, кажа палітык.
«Усё адбывалася на вашых вачах. Калі я напішу «стратэгічнае партнёрства», вы спытаеце: што адбылося ў верасні 2022 года? АДКБ і Расія не выканалі свае абавязацельствы ў сферы бяспекі? Не выканалі», — кажа ён.
У зацверджанай праграме ўрада на 2026–2031 гады ёсць інфармацыя, што Арменія мае намер трансфармаваць і паглыбіць партнёрскія адносіны з Расіяй.
Аднак РФ як стратэгічны саюзнік не згадваецца.
У 2024 годзе Арменія заявіла пра замарожванне ўдзелу ў АДКБ. Пашынян назваў прычынай невыкананне Арганізацыяй сваіх абавязацельстваў перад Арменіяй у сферы бяспекі.
МЗС Арменіі таксама заяўляла, што Ерэван устрымліваецца ад фінансавання дзейнасці АДКБ.
Аднак расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін раней казаў, што Арменія застаецца ўдзельніцай арганізацыі, падтрымлівае яе рашэнне, але не ўдзельнічае ў пасяджэннях.