20 апреля 2024, суббота, 16:07
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Каліноўскі як папярэднік БНР

1
Каліноўскі як папярэднік БНР

Заснавальнікі незалежнай беларускай дзяржавы ў 1918 годзе адчувалі сваю пераемнасць з правадыром паўстання.

Уступнае слова Заступніка Старшыні Рады БНР і Старшыні Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі Мікалая Пачкаева на міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай Паўстаньню 1863-1864 гг., якая адбылася ў Лёндане ў 2014 годзе, надрукаваў сайт radabnr.org:

«Падтрымка навуковай канфэрэнцыі ў Лёндане, прысьвечанай ролі К. Каліноўскага ў нацыятворчым працэсе Беларусі, сталася адной з найважнейшых справаў Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі апошняга часу. У ёй ёсьць таксама штосьці глыбока сугучнае ідэёвым падмуркам нашай арганізацыі. ЗБВБ – арганізацыя грамадзкая, непалітычная, аднак ад сваіх пачаткаў у 1946 г. яднае беларусаў на грунце ідэялаў 25 сакавіка 1918 г. Гэтая канфэрэнцыя стварыла добрую нагоду таксама для ярчэйшага ўсьведамленьня гістарычнай сувязі паміж вызвольным рухам пад кіраўніцтвам Каліноўскага 1863-64 гг. — і абвяшчэньнем незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918.

Перадумоваю такой сувязі можна назваць гістарычную блізкасьць, ды факт таго, што рух 1863-1864 году быў апошнім такім папярэднім прэцэдэнтам у краіне. Эпоха 1863 г. была часам маладосьці бацькоў (або старэйшых братоў бацькоў) таго пакаленьня, якое стварала «Нашу Ніву», беларускія суполкі і ўстановы – ды ўрэшце БНР.

Найважнейшым сьведчаньнем такой сувязі ёсьць уласна тое, што яна існавала ў разуменьні саміх непасрэдных удзельнікаў і сьведкаў беларускай незалежнасьці 1918 г., выдатную ілюстрацыю чаго знаходзім у творы кс. Адама Станкевіча 1933 г. «Кастусь Каліноўскі, «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасьці Беларусі»:

«Тое ўсё, чаго сваей працай агулам, а прадусім «Мужыцкай праўдай», а такжа і сьмерцяй сваей даканаў К. Каліноўскі для беларускага народу семдзесят гадоў таму, змагаючыся за волю і долю гэтага народу, — акт абвешчаньня незалежнасьці Беларусі 25 сакавіка 1918 г. падабраў, згарнуў у цэласьць, прыкрасіў, дапоўніў і выразіў як яўную — ужо сучасную — волю беларускага народу да вольнага і самастойнага жыцьця. Словам, зярнё, якое на беларускай грамадзка-палітычнай ніве пасеяў Каліноўскі, акт 25 сакавіка 1918 г. зжаў, карыстаючыся пладом гэнага зярня— ці для сяўбы далейшай».

Сапраўды, ідэёвую аналёгічнасьць, з папраўкаю на розьніцу гістарычнай эпохі, —і нават сувязь ідэёвае «гэнэалёгіі» можна вылучыць у некалькіх аспэктах.

У палітычным — назіраем падабенства сацыяльнай ды нацыянальнай дваістасьці ў поглядах. На сьветапогляд Каліноўскага ў студэнцкія гады мелі ўплыў расейскія прыхільнікі аграрна-сацыялістычных ідэяў — «народнікі»; тымчасам у 1918 заснавальнікамі БНР сталіся пераважна беларускія аграрныя сацыялісты — таксама пераемнікі лева-«народніцкай» ідэёвай традыцыі пазьнейшай эпохі на беларускай нацыянальнай глебе.

У нацыянальна-палітычным аспэкце, у Каліноўскага ўжо назіраем прызнаньне моўна-этнічных крытэраў падзелу ў былым ВКЛ. На грунце такога палітычнага мысьленьня урэшце паўстануць асобныя этнічныя дзяржавы Беларусі і Літвы ў 1917-1918 годзе.

Сярод сымболікі БНР была «Пагоня», якую перад тым апошніяй у Беларусі ўжывала паўстанская ўлада Каліноўскага. Можна сказаць, што ў Каліноўскім і яго аднадумцах маем сваеасаблівы ланцужок палітычна-гістарычнай сувязі пазьнейшай беларускай нацыянальна-палітычнай традыцыі з колішнім ВКЛ. А заснавальнікі БНР належылі да маладзейшай галіны традыцыі таго самага кораню, што і Каліноўскі. Таму для кс. Адама Станкевіча ў 1933 г. зусім натуральна выглядала, што «ў акце 25 сакавіка 1918 г. аказаўся нам зноў Каліноўскі, ягоныя ідэалы ўваскрэсьлі ўва ўсей сваей красе. Уваскрэсьлі яны з большай ужо сілай, у шырэйшых ужо рамках».

Калі матэрыялы ў гэтай кнізе, плён працы многіх выдатных навукоўцаў-сучасьнікаў, паспрыяюць шаноўнаму чытачу ў лепшым усьведамленьні даўгой пераемнасьці ў беларускай нацыянальнай гісторыі — мы будзем уважаць, што зрабілі варты ўнёсак ва ўшанаваньне 150-х ўгодкаў гістарычнага подзьвігу К. Каліноўскага».

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях