28 марта 2024, четверг, 13:19
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Сямён Мсціслаўскі: подзвігі, якімі праславіўся адзін з 10 сыноў Альгерда

2
Сямён Мсціслаўскі: подзвігі, якімі праславіўся адзін з 10 сыноў Альгерда

Ад Грунвальда да манскай аскезы.

Князь Сямён, да хрышчэння Лугвэн, быў дзявятым з сыноў Альгерда. Нарадзіўся ён у 1355 годзе. Было Сямёну ўсяго тры гады, калі бацька яго далучыў Смаленскія землі да Вялікага Княства Літоўскага. Разам з імі атрымала «Літва» таксама і Мсціслаўль.

Бітва пад Грунвальдам

Паданне сцвярджае: паляваў князь Сямён Альгердавіч Мсціслаўскі ў навакольных лясах, адбіўся ад світы, зірнуў на яркае сонейка і — аслепнуў. Уражаны, упаў князь з каня на зямлю і амаль да закату блукаў, спрабуючы па гуку зразумець, дзе ён знаходзіцца. Калі сілы зусім пакінулі яго, насустрач князю выйшаў манах-пустэльнік, які падвізаўся ў Мсціслаўскай пустыні.

– Ідзі са мною, княжа, не бойся, — прамовіў пустэльнік. — Ніхто не кране цябе, пакуль ты пад маёй абаронай.

Старац вывеў князя да лясной гаючый крыніцы. Ледзь сачылася цалебная вадкасць з-пад карэння ляшчыны.

– Былі часы, з усяго краю ішлі сюды людзі за святой вадой і пазбаўляліся тут ад многіх хвароб, — распавядаў пустэльнік. — Але потым загадаў бацька твой, князь Альгерд, засыпаць крыніцу. За тое, што конь яго, схіліўшыся да вады, паслізнуўся на купіне і зламаў нагу. Выправі бацькаў учынак. Расчысці сваімі рукамі святую крыніцу. І вада гэтая здыме змрок з вачэй тваіх.

Сем дзён жыў князь у лясным скіце пустэльніка; невідушчы, расчышчаў шлях святой вадзе. І адрадзілася крыніца. І піў ваду гэтую князь прагнымі глыткамі. І падстаўляў вочы свае пад яе, і слёзы радасці сцякалі па яго шчоках. А калі вярнуўся да яго страчаны было зрок, першым, што ўбачылі вочы яго, аказаўся прыгожы, нібыта сатканы са святла лік Прасвятой Багародзіцы. Над галавой князя, у галінах старой ліпы, ззяла цудам яўленая ў гэтых глухіх мясцінах ікона. І пачуў Сямён Альгердавіч дзіўны голас, які зыходзіў ад абраза. Сказала Дзева Марыя, што адбудзецца вялікая бітва. І што князь Сямён будзе тым, хто вырашыць яе зыход. Гэта было прадказанне пра Грунвальд…

Князь Сямён, да хрышчэння Лугвэн, быў дзявятым з сыноў Альгерда. Нарадзіўся ён у 1355 годзе. Было Сямёну ўсяго тры гады, калі бацька яго далучыў Смаленскія землі да Вялікага Княства Літоўскага. Разам з імі атрымала «Літва» таксама і Мсціслаўль. Але вось калі горад гэты як цэнтр удзельнага княства дастаўся Сямёну, сказаць цяжка. Некаторыя гістарычныя крыніцы сведчаць, што Мсціслаўскім князем да 1392 года быў брат Лугвэна-Сямёна Карыгайла. Але мсціслаўскае паданне пра святую крыніцу сцвярджае, што цудоўнае вылечванне князя Сямёна было менавіта ў год Кулікоўскай бітвы, і значыць, ужо ў 1380 годзе Мсціслаўль належаў яму. Ва ўсялякім разе, манастыр, заснаваны князем Сямёнам на месцы, дзе побач з крыніцай з’явілася святая ікона, — Мсціслаўскі Пустынскі Успенскі манастыр — афіцыйна адлічвае сваю гісторыю ад 1380 года. Кажуць, першым настаяцелем гэтай абіцелі стаў пустэльнік, які вывеў князя да крыніцы.

Яшчэ адзін факт, які сведчыць, што Сямён Альгердавіч ужо ў той час быў Мсціслаўскім князем… У 1386 годзе пад Мсціслаўль прыйшло войска смаленскага князя Святаслава Іванавіча, які імкнуўся захапіць былы горад Смаленскага княства. Разам з ім ішлі страшныя саюзнікі — крыжаносцы. Сямён Альгердавіч, які толькі што прыехаў з каранацыі Ягайлы, пачаў бітву са Святаславам. Гэта была жорсткая сеча. Шмат людзей загінула, абараняючы Мсціслаўль. Але крыжаносцам горад не здалі.

Сямён Альгердавіч, пэўна, падаваўся сучаснікам надта дзіўным князем. Ён не ўмешваўся ў чужыя спрэчкі і міжусобіцы, не ганяўся за славай. Калі можна было абысціся без бою, з радасцю выкарыстоўваў такую сітуацыю. Але пры сустрэчы з няўмольным і бескампрамісным супраціўнікам смела ішоў на яго і перамагаў. 25 гадоў было яму, калі ў Мсціслаўскім лесе — пу́стыні, як казалі ў тыя часы — размаўляла з ім сама Царыца Нябесная. І з тых часін ніводная іншая жанчына не магла заняць месца ў сэрцы Альгердавіча. З трымценнем душэўным чакаў князь Сямён выканання прароцтва, пасля якога меркаваў пастрыгчыся ў манахі.

Аднак гады ішлі, і прыносілі яны князю неадольныя сумненні. Пустынскія манахі ра́ілі жыць, не клапоцячыся пра заўтра, і вырашаць справы надзённыя. Сямён Альгердавіч паслухаўся іх.

У 1389 годзе наўгародцы запрасілі да сябе на княжанне Сямёна, і Альгердавіч на некалькі гадоў пакінуў Мсціслаўль. Правіць у наўгародцаў — значыць есці і спаць у даспехах. Давялося паваяваць і міралюбіваму Альгердавічу. У 1390 годзе ён вадзіў наўгародскія дружыны на Пскоў. Дзякуй Богу, канфлікт скончыўся прымірэннем. У 1392 годзе шведы абрабавалі вёскі па абодвух берагах Нявы. Князь Сямён выступіў супраць іх і на справе паказаў, хто ў наўгародскай зямлі гаспадар.

14 чэрвеня 1394 года ў жыцці «закаранелага» халасцяка адбыліся змены. Саракагадовы князь нечакана для ўсіх прасіў руку дачкі Дзмітрыя Данскога, Марыі, якая ў наступным годзе нарадзіла яму сына Юрыя. Жонка Семёна Альгердавіча памерла ў 1399 годзе. Суровы ўдавец вырашыў выхоўваць сына, не думаючы больш аб шлюбе. Нялёгка гэта было. Таму што дзеля сына даводзілася Сямёну Альгердавічу берагчы сябе ў бітвах і паходах. Тым не менш, у 1402–1403 гадах князь Сямён дапамагаў Вітаўту ў яго барацьбе з разанскім князем Фёдарам Ольгавічам і смаленскім князем Юрыем Святаславічам.

Зрэшты, наўгародцам гэтыя паходы не прынеслі ніякіх асаблівых выгодаў. Яны вырашылі з Ноўгарада Сямёна ад граха падалей папрасіць, а даць яму пад абарону Наўгародскія крэпасці Старую Русу і Ладагу, пастаянныя мішэні для варожых удараў. Прыняў рашэнне наўгародцаў Альгердавіч, не пазбавіў іх свайго мяча. І працягваў служыць верай і праўдай Вялікаму Ноўгараду. Аднак у апошнія гады ён усё часцей стаў наведваць Мсціслаўль. Горад гэты падаваўся яму больш бяспечным, каб расціць тут сына. Да гэтага часу Пустынскі манастыр, пабудаваны Сямёнам Альгердавічам, ператварыўся ўжо ў вядомую і вельмі паважаную абіцель. А ў 1407 годзе князь Сямён заснаваў недалёка ад Мсціслаўля і яшчэ адзін манастыр, Ануфрыеўскі. Пасадзейнічаў гэтаму, зноў жа, знак Божы. Дванаццацігадовы княжыч адпрасіўся ў бацькі на паляванне, але заблукаў і гэтак жа, як некалі сам князь Сямён, знік на цэлы тыдзень. Пошукі былі дарэмнымі, і пастарэлы ды пасівелы Альгердавіч упаў у храме на калені перад абразам Ратавальніка і маліў яго толькі аб адным: каб не дадзена было яму перажыць сына.

Бацькоўскае маленне было пачутае. Раніцай княжыч аб’явіўся, жывы і здаровы. І расказаў, як яго вывеў з лесу старац, які назваўся Ануфрыем. Думаючы, што гэта хтосьці з пустынскіх манахаў, Сямён Альгердавіч прыйшоў у Пустынку з багатымі дарамі. Але настаяцель запэўніў яго, што інака Ануфрыя ніколі не было сярод браціі.

Цудоўнае выратаванне княжыча здарылася ў той дзень, калі Праваслаўная царква ўшаноўвае святога Ануфрыя. Не інакш, менавіта гэты святы стаў абаронцам Юрыя. Так узнікла Ануфрыеўская абіцель, якая праславілася ў далейшым сваімі перапісчыкамі кніг.

Мсціслаўская зямля насычалася святасцю. Прайшло трыццаць гадоў з таго дня, як князь Сямён пачуў прадказанне Багародзіцы. Час яго выканання набліжаўся…

Фота: belarus-travel.

У пачатку ХV стагоддзя стала зразумела, што супрацьстаянне крыжаносцаў і славян непазбежна павінна скончыцца вялікай вайной. Да яе старанна рыхтаваўся пыхлівы і ганарысты магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнінген. Яго мэтай было стварэнне Вялікай Тэўтоніі ад вострава Ругэн у Балтыйскім моры да Фінскага заліва. Дзеля гэтага да ўладанняў Ордэна трэба было далучыць землі Каралеўства Польскага, Вялікага Княства Літоўскага, Пскоўшчыну і Наўгародчыну.

У пачатку студзеня 1409 года ў Берасці сустрэліся Ягайла і Вітаўт, якія збіраліся абмеркаваць, як адбіць націск крыжакоў. Было вырашана выступіць супраць Ордэна сумесна і з усімі сіламі, якія ўдасца сабраць, даць рашучы бой. Яго вынік павінен вырашыць зыход усёй вайны.

Арміі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага сустрэліся і аб’ядналіся 30 чэрвеня 1410 года пад Чэрвенскам. Сюды ж падышлі і тры палкі пад ачолам Сямёна Альгердавіча, мсціслаўскі, аршанскі і смаленскі. Яны ўжо ведалі, што за бітва іх чакае, і радасна славілі Багародзіцу. Дабраславенне Пустынскіх інакаў на праведны бой і малітва ля іконы Пустынскай Божай Маці надавалі ім упэўненасці ў перамозе. Па закліку Сямёна Альгердавіча на бітву з крыжаносцамі прыйшоў таксама вялікі атрад з Ноўгарада Вялікага. Вера князя Сямёна была такая моцная, што ўзяў ён з сабой на бітву нават пятнаццацігадовага сына свайго…

Вітаўт і Ягайла павялі войскі на сталіцу Тэўтонскага Ордэна Марыенбург. Войскі сустрэліся на шырокім полі ля вёсак Танэнберг ды Грунвальд. Каго толькі не было ў абедзьвюх арміях! У шыхтах 51 харугвы крыжаносцаў акрамя саміх тэўтонцаў ішлі свецкія рыцары практычна з усіх дробных дзяржаў Германіі, атрады ваяроў з Англіі, Францыі, скандынаўскіх краін, нават некалькі шатландцаў. Больш таго, Ордэн падтрымаў венгерскі кароль са сваім войскам.

Сярод 50 польскіх харугваў 7 было з Заходняй Украіны. 40 харугваў пад началам Вітаўта былі сабраны з усёй Беларусі. Былі тут таксама літоўцы з Трок і Коўна, дружына з Валахіі, атрад чэхаў, татары хана Джэлал-ад-Дзіна.

Напярэдадні і ў пачатку бітвы пад Грунвальдам бушавала навальніца. Гэта не спрыяла крыжаносцам. Іх цяжкія коні маглі загразнуць у гразі. Ягайла ж і Вітаўт занялі пазіцыі ў пералесках. Таму крыжакі ўсяляк хацелі выманіць супраціўніка на адкрытую мясцовасць. Нават прыслалі па даўняй традыцыі праз герольдаў два мячы — як афіцыйны выклік, заяўляючы: яны гатовыя нават адысці, каб даць больш месца супраціўнікам.

Але палякі марудзілі. Ягайла доўга маліўся, праслухаўшы цэлых дзве месы. Вітаўт пайшоў у атаку. Яго сустрэў агонь артылерыі і арбалетчыкаў. Атака захлінулася, і цяжкая ордэнская жалезная «свіння» рушыла наперад…

Прайшла гадзіна. Стала падавацца, што перамога хіліцца ў бок Ордэна. Войска Вялікага Княства пачало адступаць. Некаторыя лічаць, што гэта быў хітры манеўр Вітаўта. Але сучаснікі сцвярджалі, што вялікі князь беспаспяхова спрабаваў спыніць тых, хто бег, збіваў і крычаў на іх. І толькі тры палкі князя Сямёна Альгердавіча, мсціслаўскі, аршанскі і смаленскі, цвёрда стаялі на месцы. Яны не сыйшлі з пазіцый нават тады, калі крыжакі «змялі» польскае войска, калі разгарнулася ўжо барацьба за вялікую польскую харугву і сам Ягайла спалохана скамандаваў свайму акружэнню: «Панове, да лясу!». Амаль усе воіны Сямёна Альгердавіча палеглі, але іх мужнасць дала магчымасць Вітаўту перагрупаваць войска і зноў уступіць у бой. А чатыры рэзервовыя харугвы Вялікага Княства вырашылі, нарэшце, лёс бітвы.

Пыхлівы магістр Ульрых фон Юнінген загінуў на полі бою. Смерць напаткала ўсіх комтураў. Мяркуецца, што з 700 знатных ордэнскіх братоў жывымі засталіся толькі 15. Папа рымскі пісаў, што ўсяго пад Грунвальдам загінула 18 тысяч крыжакоў. Перамога была поўнай. Яна спыніла шматвекавую экспансію крыжаносцаў на славянскія землі.

Як жа склалася далейшае жыццё галоўнага героя Грунвальдскай бітвы, камандзіра трох непахісных харугваў, абранца Багародзіцы? Князь быў сціплым чалавекам і не ганяўся за зямной славай. Праз год пасля Грунвальда ён развітаўся з наўгародцамі, здзейсніўшы з імі апошні паход на шведскія землі, і назаўсёды ад’ехаў у Мсціслаўль. Тут ён жыў ціха і мірна, у гармоніі з Богам і самім сабой. Яшчэ раз жаніўся. Займеў у шлюбе яшчэ аднаго сына, Яраслава. Яшчэ раз аўдавеў. Памёр Сямён Альгердавіч у 1431 годзе (на семдзесят шостым годзе жыцця) інакам Пустынскай абіцелі. За некалькі гадоў да канчыны герой Грунвальда прыняў схіму і манаскае імя Алексій.

Ірына Масляніцына, Мікола Багадзяж, «Новы Час»

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях