Беларусы адмовіліся ад выйграных у брытанскім шоў $150 000
53- 3.12.2013, 9:13
- 48,884
Студэнты хочуць ажыццявіць у Менску свой праект - рэкламу на роварах, якая свеціцца.
Хлопцы з Брэста ўжо паспелі папрацаваць з такімі сусветнымі кампаніямі, як Samsung, Intel, General Electric і Aston Martin.
Студэнты з абласнога цэнтра прапанавалі ідэю: пры дапамозе мікрапрацэсара і спецыяльнага сэнсара на коле ровара транслюецца малюнак. Сваю тэхналогію за гэты год хлопцы паспелі прадставіць у многіх еўрапейскіх краінах і папрацаваць з такімі сусветнымі кампаніямі, як Samsung, Intel, General Electric і Aston Martin, піша «Комсомольская правда в Беларуси».
«Калі мы гэта прыдумалі, то, калі шчыра, недаацанілі эфект. Многія вядомыя фірмы прыйшлі ў захапленне, калі ўбачылі наш праект. Людзям гэта падабаецца! У Турыне цэлая плошча сабралася, каб проста паглядзець», - распавёў Арцём Ставенка.
Прапановы ад кампаній з сусветным імем і зараз працягваюць паступаць хлопцам, але маладыя распрацоўшчыкі ўсё ж мараць, што іх праект будзе выкарыстоўвацца і ў Беларусі. Тым больш што цяпер яны дапрацавалі сваю ідэю і аформілі патэнт ужо на беларускую версію.
«У Еўропе ўсё больш становіцца веласіпедыстаў і ўсё менш машын. Беларусь рухаецца туды ж. І мы рады крочыць побач з гэтым трэндам, - кажа адзін з распрацоўшчыкаў Кірыл Чыкеюк. - Мы хацелі б пачаць нейкі праект пад чэмпіянат свету па хакеі. Нас чакае грандыёзная падзея, і нашы ровары маглі б стаць яркай дэталлю. Акрамя таго, у будучыні мы маглі б прадаваць такую тэхналогію ў розніцу. І тады кожны жадаючы мог бы ўсталяваць сабе на ровар упадабаны малюнак, мяняць яго. Можа нават зарабляць грошы на тым, што на яго асабістым ровары ёсць рэкламная пляцоўка».
А вось ад грошай на развіццё бізнесу, якія яны выйгралі ў брытанскім шоў стартапераў, хлопцы адмовіліся.
«Гэта прадугледжвала б тое, што мы расстанемся з нейкай доляй незалежнасці. Не мы б прымалі рашэнні па развіцці кампаніі і гэтак далей, - кажа Кірыл Чыкеюк. - Цяпер мы працуем над яшчэ адной ідэяй. Не будзем раскрываць сакрэтаў, але наша распрацоўка сапраўды ўратуе свет».