Клічко прапануе Януковічу добраахвотна сысці ў адстаўку
42- 3.12.2013, 11:55
- 22,573
Лідар партыі «Удар» Віталь Клічко звярнуўся да прэзідэнта Украіны з прапановай абвясціць датэрміновыя прэзідэнцкія выбары.
Пра гэта Клічко заявіў на пленарным пасяджэнні парламента, паведамляе РБК-Украіна.
На думку Клічко, поўную адказнасць за злачынствы, учыненыя супраць грамадзян Украіны падчас разгону Еўрамайдана, нясе асабіста Віктар Януковіч. «Улада хваліцца сваёй «вертыкаллю». Але збор у сваіх руках усіх уладных паўнамоцтваў азначае таксама поўную адказнасць за свае дзеянні. Таму мы патрабуем датэрміновых выбараў Прэзідэнта Украіны», - адзначыў Клічко.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што поўная змена ўлады павінна адбыцца легітымным спосабам.
«Сёння ёсць усе законныя рычагі, каб перазагрузіць уладу. Я звяртаюся да прэзідэнта Януковіча: падайце добраахвотна ў адстаўку і абвясціце пра датэрміновыя выбары. Гэта адзіны варыянт праявіць здаровы сэнс у сітуацыі поўнага палітычнага крызісу. Не рабіце глупства і не заганяйце сябе і краіну ў тупік. Не падзяляйце лёс дыктатараў, якія назаўсёды ўцякалі са сваіх краін», - падкрэсліў Клічко.
Нагадаем, 30 лістапада, каля 4 раніцы, «Беркут» сілай зачысціў Майдан Незалежнасці ад мітынгоўцаў, якія выступаюць супраць непадпісання пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. Па медыцынскую дапамогу звярнулася 35 чалавек. 7 з іх шпіталізаваныя.
Днём 30 лістапада тысячы ўкраінцаў самаарганізаваліся і выйшлі на Міхайлаўскую плошчу, каб выказаць свой пратэст супраць сілавога разгону мірнага мітынгу.
1 снежня ў Кіеве адбылося Веча, арганізаванае апазіцыяй, на якое выйшла некалькі тысяч чалавек.
Пазней пратэстоўцы занялі частку будынка Кіеўскай гарадской адміністрацыі і Дом прафсаюзаў.
У той жа дзень на вуліцы Банкавай каля адміністрацыі прэзідэнта адбылася сутычка паміж сілавікамі і невядомымі правакатарамі.
Сёння пад Вярхоўнай Радай праходзяць адразу два мітынгі - апазіцыі і Партыі Рэгіёнаў. Вярхоўная Рада павінна сёння разгледзець пытанне аб адстаўцы ўрада Украіны.