17 траўня 2024, Пятніца, 11:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бакіеў пасяліўся побач з Лукашэнкам

71
Бакіеў пасяліўся побач з Лукашэнкам

Экс-кіраўнік Кыргызстана, які ўцёк у Беларусь, будуе камяніцу каля Драздоў.

Яна знаходзіцца недалёка ад праспекта Пераможцаў і рынку «Ждановічы». «Народная воля» паспрабавала разгледзець будоўлю з усіх бакоў.

Хто ў хораме жыве?

Тэрыторыя, дзе знаходзіцца гэты дом, актыўна забудоўваецца і ўважаецца за надзвычай прэстыжную. Праз дарогу - вадасховішча «Дразды», у траўні наступнага года непадалёк павінен адкрыцца аквапарк. На месцы былой вёскі Ржавец, уздоўж праспекта Пераможцаў як на дражджах растуць гмахі. Расцяжак з аб'явамі аб продажы жылля тут нямала. Амаль адразу за новабудамі - непрыкметная катэджная выспа. З праспекта хорам у вочы не кідаецца, а з боку рынка «Ждановічы» пакуль усё перакапана, і ўвагу прыцягваюць не катэджы, а менавіта шматпавярховікі, выбоістая дарога.

Катэдж, які празвалі «бакіеўскі», знаходзіцца на вуліцы паселішча - недалёка ад уезду. З першага погляду - дом як дом, такіх вакол Менска - не так ужо і мала. Дызайн будынка своеасаблівы, але гэта, як гаворыцца, густ. Адназначна сцвярджаць, што будынак - узор сучаснай кыргызскай архітэктуры, напэўна, не варта, але нешта азіяцкае ў стылі відавочна праглядаецца.

Дом атулены саліднай агароджай, парадная частка якога выкананая з абніцаванай цэглы, а бакавая - з бетонных заборных пліт. Ва ўсякім выпадку, так агароджа выглядае цяпер. Днямі агароджу пачалі дэкараваць карункавымі каванымі ўпрыгожваннямі. Брамы і брамкі з замкамі яшчэ няма, так што пакуль трапіць на тэрыторыю і паглядзець можа кожны ахвотны. Ахоўнікі, якія правяралі б дакументы і фіксавалі звесткі асобы, заўважаныя не былі. Праўда, перыметры хорама ўжо даўно развешаныя відэакамеры...

Шклопакеты яшчэ не ўсталявалі - на іх месцы шамаціць шчыльны поліэтылен.

Колькі ўзроўняў у гэтым будынку - сказаць складана. На першы погляд два паверхі ёсць дакладна, а якія камунікацыі ўсталяваныя ў падземнай частцы будынка - на вока не вызначыш.

Недалёка ад дома - ёмісты гараж. Яго фактычна за пару тыдняў склалі з газасілікатных блокаў. Закрытага пераходу з гаража ў дом, відавочна, не прадугледжваецца.

Будаўнікі тут працуюць кожны дзень, нават у выхадныя. Адны шліфуюць фасад, іншыя даводзяць да ладу нутро, трэція нешта капаюць. Грамадой, як іншы раз бывае на будоўлях, бетон не перамешваюць. Кожны заняты сваёй справай.

- Ці не падкажаце, як паразмаўляць з гаспадаром гэтага дома?

- Ой, гэта праблема... Яго няма тут. Усе пытанні развязвае прараб.

- А гаспадар калі з'яўляецца?

- Рэдка. І з аховай.

- Але хто-небудзь з уладальнікаў дома напэўна кантралюе вашую працу?

- Гаспадыня, яна недзе раз у месяц прыязджае... На джыпе і таксама не адная.

- А вы ведаеце, для каго дом будуеце?

- Для Бакіева будуем. Толькі мы гэтага вам не казалі, ва ўсякім выпадку для прэсы - дакладна...

- Даўно тут работы ідуць?

- Ну, досыць даўно...

Атрымалася знайсці мабільны тэлефон прараба, які кіруе будаўнічымі работамі. Яго завуць Сяргей. Ад сустрэчы і падрабязных гутарак ён катэгарычна адмовіўся. «Адназначна не! - катэгарычна адказаў Сяргей на прапанову пагаварыць пра дом, які называюць «бакіеўскім». - А той, хто вам даў тэлефон... Я яму яшчэ дам дыхту!»

Беларускі пашпарт

У лютым мінулага года кіргізскія сродкі масавай інфармацыі паведамілі, што Бакіеў набыў «дом на ўскраіне Менска за 2 мільёны даляраў». (Пра які дом гаворка – пра гэты, яшчэ не заселены, ці якісь іншы, не вядома.) Раней паведамлялася, што некаторы час ён пражываў ва ўрадавай рэзідэнцыі на тэрыторыі Бярэзінскага запаведніка. Пісалі, што Бакіеў разам з сям'ёй жыве ў Раўбічах, а таксама здымае катэдж у паселішчы Валяр'янава. Аднак афіцыйнага пацверджання ўся гэтая інфармацыя не мае.

Бакіеў пацвердзіў, што з 2010 года з'яўляецца грамадзянінам Беларусі і таму ўважае за немагчымую сваю экстрадыцыю ў Бішкек, як патрабуе цяперашняя афіцыйная ўлада Кыргызстана.

Такое складанае каханне...

Два гады таму грамадзянская жонка Курманбека Бакіева Назгуль Таламушава ў інтэрв'ю кіргізскай газеце «Айат» распавяла, што палюбіла Беларусь. Вядома, не з першага погляду. Але, як гаворыцца, звыклася і палюбілася.

«Беларусь нам спадабалася, - сказала Назгуль Муратбекаўна. - Людзі тут простыя, добрыя, шчодрыя. Раз так склаліся абставіны, звыкаешся. Пакуль народ правільна не зразумее і не даведаецца пра невінаватасць Курманбека Саліевіча, нам лепш заставацца тут. Вядома, на радзіме і зямля - золата, але пакуль у нас няма думак вярнуцца ў Кыргызстан».

Народная пагалоска на нейкі час развяла Бакіева з маладой жонкай. Хадзілі чуткі, што Назгуль Таламушава кінула ў Беларусі Курманбека Бакіева і з двума дзецьмі вярнулася на радзіму.

«Я ніколі не пакідала Курманбека Саліевіча аднаго, - зняпраўдзіла чуткі ў вышэйзгаданым інтэрв'ю спадарожніца Бакіева. – Калі мы пажаніліся, каб разам перажываць спёку і сцюжу, то не прывядзі Бог такой нялюдскасці. Так што размовы аб разладзе - плёткі».

Дарэчы, менавіта ў Беларусі Назгуль Муратбекаўна ўпершыню публічна распавяла аб сваіх стасунках з Бакіевым. Паводле яе слоў, разам яны жывуць з 1995 года.

«Мой будучы муж спадабаўся мне з першага погляду, - распавяла яна. - Нам з ім выпала разам выпрабаваць і слодыч, і горыч жыцця, мы з ім жывем адзінай сям'ёй».

Пры гэтым афіцыйна Курманбек Бакіеў быў жанаты адзін раз. Са сваёй жонкай Таццянай Васільеўнай, расейкай паводле нацыянальнасці, з ёй Бакіеў пазнаёміўся ў Самары, дзе вучыўся, разам яны пражылі больш за 30 гадоў. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся сыны Марат і Максім.

Ад грамадзянскай жонкі Курманбек Бакіеў мае 8-гадовага сына і 13-гадовую дачку. З імі ён прыехаў у Менск.

Назгуль Таламушава кажа, што добра і даўно ведае Таццяну Бакіеву: «Я яе вельмі шаную і паважаю як жанчыну і маці».

Паводле інфармацыі вядомых кыргызскіх журналістаў, першая жонка Курманбека Бакіева Таццяна цяпер жыве ў Маскве. Ці аформілі яны з мужам развод - дакладна не вядома.

Між іншым, у прэсе паведамлялася, што кіргізскія праваабаронцы абвінавацілі Бакіева ў шматжонстве і нават прасілі праваахоўныя органы распачаць паводле гэтага факту крымінальную справу. «Былы прэзідэнт парушыў артыкул 153 Крымінальнага кодэкса Кыргызстана, бо быў жанаты адразу на некалькіх жанчынах», - казалі яны. Рэч у тым, што Бакіеў, будучы яшчэ пры ўладзе, ініцыяваў законапраект аб скасаванні крымінальнага пераследу за шматжонства, аднак парламентарыі прагаласавалі супраць гэтага ўнясення змяненняў у Крымінальны кодэкс краіны.

Назгуль Таламушава не расказала журналістам пра тое, як яны ўладкаваліся ў Беларусі і ў якіх умовах жывуць. Аднак прыкладна пару гадоў таму з'явіліся чуткі аб тым, што Бакіеву выдзелілі надзел зямлі недалёка ад хатняй рэзідэнцыі беларускага прэзідэнта, які Курманбек Саліевіч аформіў на сябе. Атрымаць даведку з Менскага гарадскога агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, якая пацвярджае, што Бакіеў напраўду будуе катэдж у Менску, не ўдалося. Для таго, каб прынялі запыт, трэба ведаць дакладны нумар дома, або кадастравы нумар зямельнага надзела, на якім ідзе капітальная пабудова. На жаль, ні тую, ні іншую інфармацыю афіцыйным шляхам высветліць не атрымалася. Затое былі атрыманыя іншыя дакументы і высветлілася, чые вокны размешчаны якраз насупраць «дома Бакіевых».

Знакамітыя суседзі

Двухпавярховы мураваны жылы дом з халоднай прыбудовай, двума тэрасамі, склепамі летняй кухняй знаходзіцца праз дарогу ад дома, які ў народзе ахрысцілі бакіеўскім. Хорам абнесены высокай металічнай агароджай. Уладальнік дома агульнай плошчай амаль 500 квадратных метраў - Пётр Пятровіч Пракаповіч.

Цікава, што ў Пятра Пракаповіча быў надзел у так званым Царскім сяле, дзе зямля выдзялялася высокапастаўленым чыноўнікам паводле спецспіска. Некаторым з іх нават пашчасціла атрымаць на будаўніцтва дома льготныя крэдыты. Цяперашні віцэ-прэм'ер быў зарэгістраваны на адрасе вуліца Рачная, 7 - менавіта такі адрас паказаны, дарэчы, у выпісцы, прадстаўленай агенцтвам дзяржрэгістрацыі. Суседзі Пракаповіча па «Царскаму сялу» - экс-прэм'ер-міністр Генадзь Навіцкі, протаіерэй Фёдар Поўны ды іншыя персоны з вядомымі прозвішчамі.

Навошта Герою Беларусі некалькі дамоў? Дакладна не вядома, а версій можа быць колькі хочаш. У жыцці бо ўсякае здараецца...

Справа ад дома экс-старшыні Нацбанка на вуліцы Вілейскай, 20 пабудаваліся спартоўцы. Паводле нашай інфармацыі, хутка павінна адзначыць улазіны вядомая беларуская велагоншчыца, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2004 года Наталля Цылінская. Яе сусед - беларускі фрыстайліст, двухразовы прызёр Алімпійскіх гульняў у акрабатыцы, заслужаны майстар спорту Дзмітрый Дашчынскі. Яго светлы акуратны драўляны домік прыемна вылучаецца на фоне суровых каменных будынкаў вуліцы.

«Мужу гэтую зямлю выдзелілі за заслугі, - распавяла жонка Дзмітрыя Дашчынскага Вольга. - Мы будуем дом доўга, але ўпэўнена. У сродках абмежаваныя, таму будоўля прасоўваецца марудна. Калі будзем спраўляць улазіны? Нават баюся адказваць на гэтае пытанне. Планавалі, што да Новага года, але наўрад ці атрымаецца...»

Яшчэ на вуліцы Вілейскай размяшчаюцца дамы бізнесоўцаў, банкіраў ды іншых заможных людзей. Некаторыя з іх, дарэчы, сказалі, што таксама чулі пра тое, што іх будучым суседам, магчыма, стане Бакіеў ці нехта з яго бліжэйшых сваякоў.

«У людзей грошы ёсць, гэта відаць адразу: хутка будуюцца, шмат працоўных», - дзяліліся сваімі назіраннямі пра суседа жыхары некаторых дамоў на вуліцы Вілейскай.

Бюджэтны варыянт

Колькі каштуе стаць суседам Пятра Пракаповіча? У шматпавярховіках паблізу ад яго дома квадратны метр каштуе амаль гэтак жа, як усюды на рынку нерухомасці. А ўжо гатовы катэдж з некалькімі тэрасамі ў гэтым раёне будзе каштаваць дорага - кошт можа ісці на мільён даляраў і вышэй. Але ёсць і больш бюджэтныя варыянты. Напрыклад, у інтэрнэце дагэтуль вісіць аб'ява аб продажы таўнхаўз на вуліцы Вілейскай за 300 тысяч даляраў.

«Прадаецца шматкватэрны таўнхаўз, мінімальная плошчу кватэры - 200/150/20 - у два ўзроўні па 100 метраў на паверсе з асобным уваходам і надзелам 2 соткі, - гаворыцца ў аб'яве. - Гатоўнасць дома 100%, электрычнасць, газ, вада, металічная дзверы, шклопакеты, прэстыжны раён».

«Гэта таўнхаўз са свабоднай планіроўкай, - ахвотна распавёў прадавец. - Але ёсць яшчэ адзін варыянт, крыху танней, даслоўна праз дом на завулку Ржавецкім. Прадаецца дом на дзве кватэры, у два ўзроўні, паўдома - фактычна 194 «квадраты». Кошт за квадратны метр - менш, чым 1000 даляраў. Сцены з гіпсакардону, пакоі асобныя, плюс яшчэ мансарда 60 метраў - калі яе добра абсталяваць, жылплошча павялічыцца...»

Без палітыкі

Першыя паўгода ў Менску Курманбек Бакіеў актыўна размаўляў з журналістамі, ладзіў прэс-канферэнцыі. А апошнім часам пра яго нічога не чуваць.

«Маё маўчанне тлумачыцца тым, што я сышоў з палітыкі канчаткова і незваротна і вяртацца ў яе не збіраюся, - заявіў Курманбек Саліевіч у чэрвені гэтага года. - Цяпер я займаюся выхаваннем дзяцей, унукаў, гэта значыць тымі справамі, часу на якія раней не ставала катастрафічна...

Я не збіраюся вяртацца ва ўладу, не толькі ў Кыргызстане, але наогул да ўсялякай улады... Я сышоў з палітыкі, сышоў канчаткова. Я гэта заяўляю афіцыйна».

Тым не менш пытанні да Курманбеку Саліевіча ёсць, і яны не толькі пра палітыку. Як гаворыцца, адпаведна цяперашняму статусу.

Чым дыхае, пра што думае, дзе жыве і як забаўляецца ў Беларусі экс-кіраўнік Кыргызстана? Атрымаўшы беларускі пашпарт, ці адчуў сябе ўжо хоць трохі беларусам, можа, пачаў вучыць беларускую мову? У якой школе вучацца дзеці, ці ходзіць разам з жонкай па крамах ці прадукты сям'і былога прэзідэнта Кыргызстана дастаўляюць на дом?

У расейскіх і замежных сродках масавай інфармацыі праходзіла інфармацыя, што ў Менску сям'я Бакіева занялася бізнэсам - пабудовай «гандлёвага цэнтра ў Менску ля парку імя Чалюскінцаў». Праўда гэта ці чуткі?

У жніўні гэтага года Курманбек Бакіеў адзначыў у Беларусі свой 64-ы дзень нараджэння. Цікава, у якой дзяржаве ён стаіць на пенсійным забеспячэнні?

Нарэшце, ці зарабіў ужо Бакіеў у Беларусі свой першы рубель? А калі не, то ці даводзіцца сябе ў чымсьці абмяжоўваць? І ці не беларускія падаткаплатнікі аплачваюць яго жыццё тут?

Варта заўважыць, што на адной з менскіх прэс-канферэнцый Курманбек Бакіеў выказваў намер не сядзець без справы і падкрэсліваў, што не жыве і не будзе жыць за кошт беларускага народа. На першы час, тлумачыў Бакіеў, яму хопіць зберажэнняў ад заробкаў, атрыманых у часы працы ў Кыргызстане мэнэджэрам вышэйшага рангу.

Але якія інвестыцыі патрэбныя, каб распачаць самавітае хатнюю гаспадарку і з нуля асталявацца на новым месцы, у чужой краіне? На пенсію і зберажэнні дзяржслужбоўца, хай нават вельмі высокага ўзроўню, наўрад ці за пару гадоў на пустцы пабудуеш хорам...

Адказы на гэтыя і некаторыя іншыя пытанні хацелася б атрымаць з вуснаў чалавека, якога называюць персанальным госцем Лукашэнкі...

Званок у пасольства Кыргызстана

Ці цікавяцца кіргізскія дыпламаты лёсам Курманбека Бакіева? Ці ведаюць прадстаўнікі афіцыйнай улады Кыргызстана, дзе жыве іх былы прэзідэнт?

«На жаль, мы не ў курсе, дзе Бакіеў пражывае ў Беларусі, у нас няма такой інфармацыі, і мы не адсочваем ягоны лёс, - адказаў кіраўнік дыпмісіі. - Лёс гэтага чалавека нас цікавіць, але, на жаль, у нас няма ніякай інфармацыі...»

Навошта столькі таямніц?

Чаму інфармацыя пра тое, дзе жыве Бакіеў у Беларусі, не з'яўляецца адкрытай?

«Утойванне інфармацыі пра розныя рэзанансныя справы - гэта не выключэнне, а, на жаль, агульная практыка беларускай улады, - кажа юрыст Алег Гулак. - Але калі казаць канкрэтна пра Бакіева і ягонае знаходжанне ў Беларусі, то, улічваючы сур'ёзнасць выстаўленых яму абвінавачванняў, яго персона выклікае вялікі грамадскі інтарэс. І нашая ўлада павінна гэта разумець і хоць бы ў нейкай мінімальнай форме гэтую цікавасць задавальняць.

Чыста тэарэтычна можна выказаць здагадку, што і ў Беларусі экс-прэзідэнта Кыргызстана могуць чакаць пэўныя небяспекі - помста, нейкія разборкі ды іншае. Паўтаруся, чыста тэарэтычна гэтага можна было б баяцца, але ў такім выпадку беларуская ўлада тым больш павінна расставіць кропкі над «і» і абгрунтаваць сакрэтнасць. І калі Бакіеву ў Беларусі выдзеленая нейкая маёмасць ці ён сам яе купіў - трэба пра гэта казаць. Інакш на гэтую тэму можна фантазіяваць і фантазіяваць! На жаль, нашыя ўлады не разумеюць, што ў іх жа інтарэсах, каб было менш фантазій...»

Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Беларусі з 19 красавіка 2010 года.

21 красавіка ў Рэспубліцы Беларусь ён у будынку выканкаму СНД выступіў з заявай, у якой назваў Часовы ўрад апазіцыі «бандай самазванцаў» і адмовіўся прызнаць сваю раней абвешчаную адстаўку.

23 красавіка Бакіеў заявіў, што застаецца афіцыйным прэзідэнтам, бо заява аб адстаўцы была ім напісана пад ціскам і пагрозай жыццю ягоных сваякоў.

27 красавіка Часовы ўрад Кыргызстана прыняў дэкрэт аб адхіленні ад улады прэзідэнта Курманбека Бакіева і пазбаўленні яго прэзідэнцкай недатыкальнасці.

6 траўня Генпракуратура Кыргызстана накіравала ў Рэспубліку Беларусь запыт аб экстрадыцыі Бакіева. Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь прыняла пастанову адмовіць у экстрадыцыі.

8 лютага 2012 года ў беларускіх СМІ з'явілася інфармацыя аб тым, што Бакіеў атрымаў беларускае грамадзянства і набыў нерухомасць на ўскрайку Менска.

Зрынуты прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў завочна абвінавачаны паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса - у арганізацыі забойстваў і злоўжыванні службовым становішчам. 12 лютага 2013 года ён завочна прысуджаны да 24 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Брат Бакіева, былы кіраўнік Службы дзяржаховы Жаныбек Бакіеў асуджаны пажыццёва з канфіскацыяй маёмасці.

Фота: «Народная Воля»

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках